У Мексіцы невядомы застрэліў 23-гадовую б’юці-блогерку Валерыю Маркес, якая ў момант забойства вяла жывую трансляцыю ў TikTok. У якасці асноўнай версіі інцыдэнту разглядаецца феміцыд — забойства жанчыны па гендарнай прыкмеце. Пра гэта са спасылкай на заяву мексіканскай пракуратуры піша The Guardian. Увагу на публікацыю звярнуў «Холод».

Валерыя Маркес працавала ў салоне прыгажосці горада Сапапан, дзе і адбылося забойства. Дзяўчына карысталася папулярнасцю ў сацсетках дзякуючы сваім відэаролікам пра б’юці-трэнды і макіяж. Паводле звестак пракуратуры, 13 траўня Маркес уключыла жывую трансляцыю ў TikTok, а потым паведаміла падпісчыкам, што «нехта ідзе». Падчас трансляцыі яна сядзела за сталом з мяккай цацкай, калі хтосьці на заднім плане вымавіў: «Гэй, Вале?»
Маркес адгукнулася, пасля чаго выключыла гук у жывым эфіры. Праз некалькі секунд дзяўчыну застрэлілі. Пасля гэтага нехта падняў тэлефон, і на экране на імгненне з’явіўся твар мужчыны — меркавана, нападніка. Потым трансляцыю завяршылі.
Раней у жывым эфіры Маркес расказвала, што ў салон ужо прыходзіў невядомы мужчына, каб перадаць ёй «дарагі падарунак». Паводле дзяўчыны, у той момант яе не было на месцы. Блогерка выглядала занепакоенай і заявіла, што не збіраецца чакаць вяртання гэтага чалавека, адзначае газета.
Расследаванне вядзецца па справе пра феміцыд, імя падазраванага не называецца.
Тым часам Мексіка застаецца адной з самых небяспечных краін для жанчын у Лацінскай Амерыцы. Паводле звестак Эканамічнай камісіі ААН для Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна, у 2023 годзе краіна аказалася на чацвёртым месцы ў рэгіёне па колькасці феміцыдаў — 1,3 выпадку на кожныя 100 тысяч жанчын. На той самай пазіцыі — Парагвай, Уругвай і Балівія.
Штат Халіска, дзе была забітая Валерыя Маркес, уваходзіць у шасцёрку самых небяспечных рэгіёнаў краіны. З кастрычніка 2024 года, калі прэзідэнтам стала Клаўдыя Шэйнбаўм, у штаце зарэгістраваныя 906 забойстваў, адзначае кансалтынгавая кампанія TResearch.
Раней у гэтым жа месяцы ў Мексіцы адбылося яшчэ адно рэзананснае здарэнне. У нядзелю, 11 траўня, падчас перадвыбарчага маршу ў горадзе Тэксістэпэк (штат Веракрус) была застрэленая кандыдатка ў мэры Ясенія Лара Гуцьерэс. Інцыдэнт трапіў у жывую трансляцыю ў Facebook. Разам з жанчынай загінулі яшчэ тры чалавекі, паведамляў CNN.