У Гданьску 37-гадовы грамадзянін Беларусі напаў на 8-гадовага хлопчыка. Так ён адрэагаваў на тое, што дзіця адмовілася пагуляць з яго дачкой. Цяпер мужчыну пагражае турэмнае зняволенне. Пра абуральны выпадак расказалі ў паліцыі Гданьска, перадае MOST.

Усё пачалося з таго, што на дзіцячай пляцоўцы паміж дзецьмі адбылася сварка. Дзяўчынка прыйшла дадому і паскардзілася бацьку, што хлопчык не хоча з ёй гуляць. Гэта раззлавала бацьку. Ён выйшаў на пляцоўку, схапіў «крыўдзіцеля» за шыю, сціснуў яе і пачаў пагражаць дзіцяці. А потым вярнуўся дадому.
Хлопчык не пацярпеў, але на месца здарэння выклікалі паліцэйскіх. Па паведамленым адрасе яны знайшлі вельмі нецвярозага мужчыну. Ён аказаўся 37-гадовым беларусам. Пазней тэст паказаў 2,5 праміле алкаголю ў яго арганізме. Мужчыну адвезлі ў выцвярэзнік, дзе ён прабыў ноч.
Калі ж ён працверазеў, яму выставілі абвінавачанне ў парушэнні цялеснай недатыкальнасці няпоўнагадовага і злачынных пагрозах у яго адрас. Па першым абвінавачанні ў Польшчы можа пагражаць да года пазбаўлення волі, а па другім — да трох.