«Усе расказвалі пра „чароўны Кітай“, а цяпер змоўклі, нічога не выйшла». Ці змагла дрэваапрацоўка адаптавацца да санкцый
10 лiстапада 2022 у 1668093420
«Зеркало»
З сакавіка гэтага года Белстат не публікуе дадзеных па аб'ёмах прамысловай вытворчасці ў дрэваапрацоўцы і экспарце. Даведвацца пра сітуацыю ў галіне застаецца ад прадстаўнікоў гэтага бізнесу. Спыталі, як у іх справы з экспартам на звыклы, але практычна закрыты для іх рынак ЕС, ці ёсць патэнцыял на ўнутраным і як складанасці ў галіне адбіліся на фінансах і занятасці.
Еўрасаюз з 2 сакавіка ўвёў санкцыі ў дачыненні да беларускай драўніны. Яны закранулі дрэваапрацоўку пад спецыяльным кодам 44. Пры гэтым у ЕС пакінулі магчымасць выканаць да 4 чэрвеня заключаныя раней кантракты. Абмежаванні ўступілі ў поўную сілу з пачатку чэрвеня.
Мы ўжо пісалі раней, як дрэваапрацоўка спрабуе даць рады санкцыям. Прачытаць гэтыя матэрыялы можна тут і тут.
Агульная сітуацыя не найлепшая
Сітуацыя ў галіне не вельмі добрая, расказвае Валянцін (імёны суразмоўцаў у тэксце змененыя), абапіраючыся на асабісты вопыт і тое, што бачыць вакол.
- Усе расказвалі пра «чароўны Кітай», а цяпер усе замаўчалі, зразумелі, што з ім нічога не выходзіць. Цана там правалілася настолькі, што па ёй могуць працаваць толькі лясгасы, і тое незразумела, з якім прыбыткам. Гэта звязана з тым, што для іх лес бясплатны, - кажа Валянцін. - У цэлым жа цэны на рынку праселі, да таго ж лясгасы ўвесь час гатовыя прагінацца ў цане больш, чым іншыя вытворцы, забіраючы рынак сабе, проста таму што ў іх ёсць лініі, ёсць абавязанні, ім трэба загружаць вытворчасць. А цана для іх не такая важная, як для прыватнікаў.
Паводле яго словаў, з прыходам зімы пачнецца «мёртвы сезон», значыць, цана на прадукцыю зноў упадзе. Гэта акажа дадатковы ціск на ўдзельнікаў рынку.
Унутраны рынак застаецца невялікім, і грошай на ім «зусім няма», нягледзячы на тое, што нядаўна ў Беларусі змянілі правілы продажу драўніны.
- Гэта цікавая форма клопату пра пакупнікоў: калі цэны былі высокія, ніхто пра гэта не думаў, а калі цэны ўпалі і падзець лес стала няма куды, яны вырашылі, што трэба забяспечыць унутраны рынак, асабліва для тых, хто летась нешта купіў, - каментуе ён паляпшэнне ўмоваў для беларускіх спажыўцоў.
Яшчэ адзін прадстаўнік галіны, Васіль, кажа, што справы са збытам сталі зусім дрэннымі.
- Нашая прадукцыя (піламатэрыял будаўнічы, тарная дошка, дровы) трапіла пад дзеянне санкцый. Таму экспарт у ЕС спыніўся цалкам. Невялікі працэнт прадукцыі адгружаем на ўнутраны рынак, але і тут ёсць свае нюансы. На ўнутраны рынак мы адгружалі паддоны, але пасля з'яўлення дакументаў аб абмежаванні і рэгуляванні цэн попыт значна зменшыўся.
Рынак Еўрасаюза: ручаёк экспарту захаваўся
Летась на рынку ЕС беларускія дрэваапрацоўчыя кампаніі зарабілі 3,2 млрд даляраў. Цяпер пра такія маштабы кампаніі нават не думаюць, а імкнуцца захаваць ці аднавіць хоць нейкі аб'ём экспарту калісьці самага прывабнага экспартнага рынку для гэтай галіны.
Беларускія вытворцы знайшлі некалькі спосабаў працягваць пастаўляць сваю прадукцыю ў краіны Еўрасаюза, дзе дзейнічаюць санкцыі супраць нашай дрэваапрацоўкі. Некаторыя схемы цалкам легальныя, а некаторыя, хутчэй, «шэрыя, бліжэй да чорных», прызнаўся Валянцін. Паводле яго словаў, некаторым яго канкурэнтам удаецца працаваць па шэрых схемах, але гэта заўсёды нясе вялікія рызыкі - ад фінансавых стратаў да крымінальных справаў у краінах ЕС.
Але нават праца па празрыстых схемах, як кажа прадстаўнік галіны, можа прывесці да павышанай увагі кантралявальных органаў і паліцыі ў краінах Еўропы. У пастаўшчыкоў затрымліваюць машыны з грузам часам на некалькі тыдняў ці месяцаў, праводзяць праверкі - і нават калі з таварам усё добра, гэта, зноў жа, нясе дадатковыя страты, у першую чаргу фінансавыя.
Вячаслаў - прадстаўнік кампаніі ў дрэваапрацоўцы, якая шмат гадоў працуе на беларускім і еўрапейскім рынках. У тым ліку яна вырабляла мэблю для вядомых сусветных брэндаў. Са словаў Віталя, пасля таго як прадукцыя кампаніі трапіла пад санкцыі, а таксама пасля анулявання для Беларусі сертыфікатаў Ляснога апякунскага савета (FSC), у фірме вырашылі хутчэй шукаць альтэрнатыўныя рашэнні. Знайшлі яго ў дадатковай апрацоўцы дрэва. Гэта дазволіла законна перавесці прадукцыю ў разрад таварнага кода, які не трапіў пад санкцыі. Хоць пастаўляць цяпер гэтую прадукцыю ўдаецца толькі аднаму пакупніку з Польшчы, які раней закрываў 50% вытворчасці кампаніі.
Але як толькі вырашылася гэтае пытанне, польская фірма змяніла ўмовы супрацоўніцтва, усклаўшы ўсе выдаткі і рызыкі ў працэсе дастаўкі на пастаўшчыка. Да гэтага дадаліся «непад'ёмныя фрахты перавозчыкаў, павялічыліся працэнты банкаў па абслугоўванні крэдытаў».
- Але ў ЕС бізнес з намі гатовы працаваць і працуе, таму што там таксама людзі і там таксама кантракты. Усе хочуць працаваць. Вырашаюць хто як можа, - кажа ён, удакладняючы, што кампаніі дагэтуль спрабуюць наладзіць пастаўкі і ў іншыя краіны Еўропы.
Унутраны рынак: попыт нізкі
Вячаслаў кажа, што яго прадукцыя кампаніі ў Беларусі не асабліва запатрабаваная, бо гэта не канчатковы прадукт, то-бок не гатовая мэбля, а нарыхтоўка для мэблевых вытворчасцяў. Заказы бываюць, але гэта абмежаваныя партыі і нерытмічныя ў вытворчым плане.
- Праца на ўнутраны рынак упіраецца ў нізкі плацежаздольны попыт. Я асабіста не бачу перспектываў для развіцця ў дадзеным кірунку, - расказвае Васіль. - Адзін з нашых кірункаў унутранага рынку - гэта продаж дроваў насельніцтву і арганізацыям. Але і тут ёсць спад: людзі эканомяць грошы. Некаторыя юрасобы, нашы пастаянныя кліенты, папросту закрыліся. Да таго ж грае ролю значна ўзрослая канкурэнцыя.
Рынак Расіі: высокая канкурэнцыя і шэраг абмежаванняў
- У Расіі ёсць вельмі нядрэнныя пакупнікі, але на гэтым рынку ёсць шмат «але». Па-першае, у Расіі ёсць свой лес, прычым якасць прадукцыі, якая ў іх пастаўляецца, заведама вышэйшая. Па-другое, там ёсць свае сур'ёзныя вытворцы, якія таксама сутыкнуліся з закрытым экспартам, і яны пачалі працаваць на свой рынак, - кажа Валянцін.
У цэлым, працягвае ён, тыя, хто спрабуе пастаўляць прадукцыю ў Расію, сутыкаецца з трыма праблемамі. Гэта розныя сістэмы ацэнкі якасці. Бо ў Расіі шырэйшая шкала градацыі якасці драўнянай прадукцыі, беларускія пастаўшчыкі і расійскія пакупнікі не заўсёды могуць дамовіцца.
- У нас жа прывыклі ўсё складаць у адзін пачак і адпраўляць у Еўропу - хай яны самі разбіраюцца. З Расеій такая схема не пракатвае. Другое пытанне - гэта ўвазны ПДВ: калі пакупнік там не аплаціць яго, то на тэрыторыі Беларусі пастаўшчыку яго не вернуць. Трэці - культура працы бізнесу. Было такое, што людзі прывозілі тавар у Расію, а ім раптам казалі, што купяць за паўцаны, - кажа бізнесовец.
- Рынак РФ для нас наогул не варыянт. Рэч у тым, што з прычыны санкцый для Расіі экспарт закрыты цалкам, яны не могуць нават мэблю прадаваць у ЕС, у адрозненне ад Беларусі. Большасць нам вядомых вытворцаў з РФ практычна на мяжы закрыцця і банкруцтва, а гэта сярэдні бізнес з добрымі магутнасцямі, з недарагой сыравінай і таннай працоўнай сілай, - каментуе перспектывы ўсходняга напрамку Вячаслаў.
Знайсці сябе на іншых рынках няпроста
Нашыя суразмоўцы расказалі, што беларускія кампаніі пачалі больш працаваць на рынках Азербайджана, Кыргызстана, Грузіі. Але і там, паводле словаў Валянціна, не заўсёды справы ідуць гладка. Бывае, што заказваюць якія-небудзь спецыяльныя памеры, а потым іх не забіраюць. Паколькі краіны знаходзяцца далёка, а лагістыка праз санкцыі і іншыя абмежаванні ўскладнілася, то прадукцыя часам даходзіць да пакупніка праз пару тыдняў не ў найлепшым выглядзе, а часам і сапсаваная, напрыклад, зацвілая.
Буйныя вытворчасці спрабуюць працаваць на рынках Ірана, Ірака, Егіпта і нават Ізраіля. «Асабіста не пастаўляў, хоць запыты былі», - прызнаецца Валянцін. Цана прапановаў ад контрагентаў з гэтых краін вышэйшая, чым на рынках Расіі або іншых постсавецкіх дзяржаваў.
Вячаслаў дадае, што шмат у каго не атрымліваецца працаваць з Кітаем, таму што ў беларускіх прадаўцоў няма ведаў і паняцця пра асаблівасці кітайскага менталітэту, вопыту зносін у бізнес-асяроддзі гэтай краіны.
- Кітайцы - складаныя перамоўнікі, складаныя кліенты. З транспартнай лагістыкай таксама вельмі складана. Калі раней фрахт 40-футавага кантэйнера ў порт Шанхая праз Клайпеду каштаваў 1600−1700 даляраў, то па чыгунцы прапануюць фрахт за 7000−9000 даляраў, - тлумачыць ён.
Васіль кажа, што пастаўкі ў Кітай абмяжоўваюцца праблемамі з вагонамі і квотамі ў гэтым пытанні для лясгасаў. «Нам [прыватнікам] дастаюцца вагоны па рэшткавым прынцыпе», - удакладняе ён. Пры гэтым, кажа ён, у Кітаі добры попыт. Але ёсць пытанні з цаной: «Кітайцы хочуць купіць усё танна. Гэта ж датычыць і паставак у Расію».
Фінансы кампаній і занятасць
Фінансавы стан кампаніі Васіля «толькі дазваляе ўтрымацца на плаве». Ратуе, што лізінг за транспарт і абсталяванне быў выплачаны да ўсіх гэтых хваляванняў.
- Што да занятасці, то з 18 чалавек засталося шэсць. Узровень зарплаты стараемся трымаць на ранейшым узроўні, але колькі яшчэ зможам працягнуць, складана сказаць.
- З сакавіка было зразумела, што будзем на мяжы выжывання, таму мы пайшлі ў калектыў, патлумачылі відавочныя прычыны. У асноўным калектыў у нас адэкватны, адукаваны, навіны чытаюць. Правялі аптымізацыю ў плане інжынерна-тэхнічных работнікаў, прапанавалі сумясціць спецыяльнасці, скарацілі вытворчасць, выдаткі. Цесна размаўлялі з крэдыторамі і банкамі, - расказвае Вячаслаў. - Заробкі выплачваем своечасова, касцяк калектыву стараемся трымаць. Але ў цэлым фінансавае становішча арганізацыі на лязе брытвы: балансуем неяк, але самі здзіўляемся, як гэта выходзіць.
Самае кепскае ў гэтай сітуацыі, працягвае ён, - гэта няпэўнасць. Раней гарызонт планавання быў як мінімум год, цяпер - максімум два-тры тыдні. Рэжым працы стаў такі: заказ зрабілі, грошы прыйшлі - можна працаваць далей.
Валянцін адзначае, што на плаве застаюцца тыя кампаніі, у якіх уся маёмасць свая, няма крэдытаў і была магчымасць «працаваць на сваіх грашах». Гэта дазваляе ім пакрываць бягучыя аптымізаваныя выдаткі.
- Усе, хто працаваў на замежных грашах, у каго былі крэдыты, цяпер стогнуць. Цікава пры гэтым, што лізінгавыя кампаніі і банкі нічога ў такіх кампаній не забіраюць. Проста разумеюць, што нікуды не змогуць гэта рэалізаваць, - кажа Валянцін і дадае, што самі фірмы спрабуюць нешта выручыць, прадаючы маёмасць. Напрыклад, на аўкцыёнах цяпер прапануюць лесавозы, лесапільныя лініі, сушыльныя комплексы і іншае добрае абсталяванне, якога «раней было не знайсці».