Чыноўнікі стварылі «пастку» для некаторых пенсіянераў і сем'яў з дзецьмі, а цяпер самі ж б'юць трывогу, што людзі могуць застацца без грошай
11 чэрвеня 2024 у 1718095320
«Зеркало»
У ліпені некаторыя беларусы не змогуць атрымаць пенсіі і дапамогі на дзяцей. Гаворка пра тых, хто не адкрые спецыяльнага банкаўскага рахунку, на які будуць пералічваць гэтыя сродкі. У Мінпрацы расказалі падрабязнасці пра гэтае новаўвядзенне.
Каротка пра тое, што зменіцца з 1 ліпеня
З наступнага месяца многіх беларусаў перавядуць на атрыманне пенсій і дапамог на дзяцей праз банкі. Гэта закранае жыхароў Мінска, а таксама гарадоў абласнога падпарадкавання і райцэнтраў. Выбраць фінустанову, праз якую людзі будуць атрымліваць гэтыя сродкі, можна самастойна. Нагадаем, цяпер беларусы на свой выбар могуць атрымліваць пенсіі і дапамогі на дзяцей праз пошту або банкі.
Па-ранейшаму атрымліваць пенсіі праз пошту змогуць беларусы, старэйшыя за 70 гадоў, інваліды I і II групы, а таксама жыхары вясковай мясцовасці.
Што да дапамог на дзяцей, то магчымасць атрымліваць іх праз пошту пакінулі за інвалідамі I і II групы, а таксама за сем'ямі, якія выхоўваюць дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў. Жыхары вясковай мясцовасці таксама па-ранейшаму змогуць атрымліваць дапамогі на дзяцей праз пошту.
Што трэба паспець зрабіць (і да якой даты)
Раней сацслужбы папярэджвалі: каб з ліпеня атрымліваць пенсію або дапамогі ў банку, трэба да 10 чэрвеня адкрыць базавы рахунак у адной з фінустановаў. Тым, хто не адкрые такога рахунку, прыпыняць выплату грошай.
11 чэрвеня ў Мінпрацы заявілі, што «грамадзяне, якія не паспелі адкрыць базавы рахунак у банку для атрымання пенсіі ці дапамогі, могуць зрабіць гэта да канца наступнага тыдня». Канкрэтная дата не ўдакладняецца. Нядзеля наступнага тыдня - 23 ліпеня.
«Выплатныя ведамасці на наступны месяц фармуюцца ў 20-я дні папярэдняга месяца. Просім не адкладаць пытанняў з выплатай пенсій на апошні дзень», - удакладнілі ў Мінпрацы.
Адкрыць базавыя рахункі можна ў тым ліку ў «Белаграпрамбанку», «Беларусбанку», «Банку БелВЭБ», «Белгазпрамбанку», «Белінвестбанку», «Банку Дабрабыт», «Прыёрбанку» ці «Сбер Банку».