Навукоўцы з Корнэльскага ўніверсітэта прапанавалі навукова абгрунтаваны спосаб пазбегнуць слёз падчас наразання цыбулі. Паводле іх нядаўняга даследавання, прадстаўленага ў выглядзе прэпрынту, галоўны сакрэт — у выкарыстанні максімальна вострага нажа і ў павольным тэмпе наразання, піша Popular Science.

Цыбуля выкарыстоўваецца ў кулінарыі і медыцыне з самых старажытных часоў: у Старажытным Егіпце яе клалі ў магільні фараонаў як сімвал вечнасці. Аднак нават праз тысячагоддзі яна застаецца прычынай слёз мільёнаў людзей па ўсім свеце. Усё праз злучэнне пад назвай сін-прапантыял-S-аксід — рэчыва, якое вылучаецца пасля пашкоджання цыбуліны і раздражняе слёзныя залозы.
Каб разабрацца, як менавіта адбываецца распаўсюд гэтага рэчыва ў паветры, каманда фізікаў пабудавала ўстаноўку з цыбульнай гільяцінай і некалькімі варыянтамі сталёвых лёзаў. Чацвярцінкі цыбуліны фарбавалі чорнай фарбай (не для драматычнага эфекту, а каб лепш адсочваць дэфармацыю), а потым рабілі зрэзы з рознай хуткасцю — ад 0,4 да 2 метраў за секунду — і лёзамі рознай вастрыні (шырынёй ад 5 да 200 мікраметраў).
Вынікі былі адназначныя:
-
чым тупейшае лязо, тым мацней яно сціскае цыбуліну перад разрэзам, выклікаючы назапашванне пругкай энергіі, якая падчас разразання рэзка вызваляецца. Гэта прыводзіць да выбуховага выкіду аэразоля, які змяшчае раздражняльнае рэчыва;
-
пры гэтым тупыя нажы могуць утвараць у 40 разоў больш кропель, чым вострыя;
-
хуткае наразанне таксама пагаршае праблему: пры высокай хуткасці ўтвараецца ў чатыры разы больш часцінак, чым пры нізкай.
Некаторыя кроплі, як паказаў эксперымент, разлятаюцца з хуткасцю да 43 метраў за секунду і пры гэтым драбняцца на больш дробныя часцінкі, ствараючы воблака раздражняльнага «натуральнага газу».
Хоць даследаванне яшчэ не прайшло рэцэнзавання, яго звесткі даюць выразную і практычную параду: рэжце цыбулю павольна і вельмі вострым нажом. Гэта самы надзейны спосаб звесці слёзы на кухні да мінімуму.