Лета 1944 года. Беларусь вызваленая ад нацысцкай акупацыі. Краіна ляжыць у руінах. Непасрэдная матэрыяльная шкода ў 35 разоў перавышае даваенны бюджэт рэспублікі. Спаленыя, разбураныя і разрабаваныя 209 з 270 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак. Эканоміка рэспублікі па прамысловых і энергетычных магутнасцях адкінутая на дарэвалюцыйны ўзровень. Самы час закасаць рукавы і ва ўмовах вельмі жорсткай эканоміі ўзяцца за аднаўленне. «Асушу твае слёзы, залячу твае раны, кожны лiст твой распраўлю рукою старанна. Насаджу каля вёсак сады маладыя, каб ты вечна цвiла і ў шчасцi расла, дарагая мая Беларусь!» — выказваў агульны настрой паэт Пімен Панчанка. Але ўлады вырашаюць, што эканоміць мусіць нехта іншы, і проста раскрадаюць дапамогу, якая паступае для беларусаў з-за мяжы. Расказваем гэтую неверагодную гісторыю адкрытага цынізму.
Жахлівая галеча і адны майткі без магчымасці памяняць
Як выглядала жыццё ў першы год пасля вайны? Будучы кіраўнік Мінгарвыканкама (1954−1968), а тады 28-гадовы афіцэр Васіль Шарапаў у студзені 1945-га пасля цяжкага ранення быў прызначаны шараговым інструктарам мінскага гаркама партыі. У мемуарах «Листая страницы памяти» ён пісаў, што ў горадзе не працавалі водаправод, каналізацыя, былі разбураныя электрастанцыі, тэлефонная станцыя, трамвайны і аўтобусны паркі. «Праходзячы вуліцамі Камсамольскай і Маркса, бачыў, што ў падвальных акенцах разбураных будынкаў свяціліся агеньчыкі газавых лямпаў, а з трубаў „буржуек“ струменіў дым. Так жыла ў халодную зіму сорак пятага большасць мінчукоў», — успамінаў ён.
Маштабам разбурэнняў былі ўзрушаныя і замежнікі. У справаздачы пра дзейнасць ЮНРРА (Адміністрацыя Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па аказанні дапамогі і аднаўленні) за 1945 год «самы жудасны раздзел» быў прысвечаны Беларусі і Украіне, што зазналі разбурэнні, «якіх дагэтуль ніколі не было ў гісторыі». Адзначалася, што больш за 2,5 млн жыхароў абедзвюх рэспублік засталіся без жылля і ратуюцца ў зямлянках, бліндажах і разбураных будынках. Першы кіраўнік місіі ЮНРРА ў БССР называў Беларусь «найбольш пацярпелай часткай свету». У афіцыйнай гісторыі арганізацыі адзначалася: «Нават людзі, якія сталі сведкамі разбурэнняў у астатняй Еўропе, былі ўзрушаныя кучамі камянёў, у якіх ляжаў Мінск. Гэта нагадвала апакаліпсіс, які можна было параўнаць толькі з Варшавай. Іншыя буйныя гарады, такія як Віцебск і Гомель, мелі не лепшы выгляд».
Паводле Шарапава, вялікая праблема была з адзеннем. «Хадзіць папросту не было ў чым! Нават кіраўнічыя работнікі горада даношвалі тое, што захавалася з даваеннага часу. Перашывалі шынялі, штаны. Я не мог памыць споднюю бялізну: не было зменнай пары. Неяк спытаў Аляксандра Кузьміна, што кіраваў у райвыканкаме аддзелам дзяржзабяспечання: „Можа, у цябе хоць якія падштаннікі заваляліся?“ Ён толькі махнуў рукой: „Ужо і не ўспомню нават, калі былі апошнія пастаўкі. Сам хаджу амаль голы!“» — успамінаў чыноўнік. «Заціснуўшы ў кулак гонар», ён напісаў пра сітуацыю сваёй будучай жонцы ў Кёнігсберг (цяпер Калінінград), і яна даслала яму пару бялізны.
Глабальнае ж выратаванне прыйшло з-за мяжы: у Мінск пачала паступаць гуманітарная дапамога па лініі Міжнароднага Чырвонага Крыжа, амерыканскіх дабрачынных арганізацый і ЮНРРА. «Адзенне і абутак былі не новымі — тое, што сабралі ў насельніцтва. У Мінск яны дастаўляліся без усялякага сартавання, у шчыльна запакаваных цюках. Памятаецца, першая партыя, якая паступіла 3 кастрычніка 1945 года, складалася з 20 вагонаў агульнай вагой 250 тон», — пісаў Шарапаў.

Цікава, што ён памыліўся літаральна на адну лічбу: першая дапамога прыйшла 3 кастрычніка 1944-га — яшчэ да таго, як Шарапаў сутыкнуўся з адсутнасцю адзення (дайшло да таго, што рэчы яму перадавалі ўчорашнія калегі па войску). Аднак памылка цалкам магла быць свядомай. Высокапастаўлены чыноўнік, які ўжо быў на пенсіі, не хацеў прызнаваць, што днямі хадзіў у адных майтках з віны свайго начальства, якое раскрала дапамогу.
Кіраўніку «парламента» — 152 рэчы, простым людзям — нічога
У тым самым 1944 годзе прадстаўнік Цэнтральнага камітэта Усесаюзнай камуністычнай партыі (бальшавікоў) у Мінску Філімонаў — у гэтым і шэрагу прыкладаў ніжэй вядомыя толькі прозвішчы, без імёнаў — даслаў данясенне сакратару ЦК ВКП (б) Георгію Малянкову, аднаму з найбліжэйшых паплечнікаў Іосіфа Сталіна. У дакуменце расказвалася пра праблемы з размеркаваннем заходняй дапамогі. Высветлілася, што гэтым займалася «ўрадавая камісія». Аднак назва не адпавядала сутнасці. З розных установаў у яе набралі 11 другарадных работнікаў на чале з начальнікам спецаддзела Наркамата (міністэрства) фінансаў — камсамольцам Бандарэнкам. Ніякім аўтарытэтам ён не карыстаўся, працоўнай сілы яму не далі. Да 5 лістапада, то-бок праз месяц, з дваццаці атрыманых вагонаў восем так і стаялі неразабранымі. Але галоўнае, што не было кантролю за размеркаваннем рэчаў. Гэтым і скарысталася начальства.
На цэнтральнай базе Чырвонага Крыжа арганізавалі спецыяльны склад, куды адбіралі самыя каштоўныя рэчы, каб потым раздаць іх каму трэба. Гэта адбывалася на аснове вусных указанняў і запісах — іх выпісвалі як амаль усе найвышэйшыя кіраўнікі БССР, так і іх падначаленыя. Напрыклад, кіраўнік справамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Стронгін пісаў: «Прошу отпустить из базы Красного креста для меня и помощника председателя Президиума Верховного Совета БССР т. Вольфсона…» — і далей ішоў пералік 60 рэчаў (сярод іх шэсць паліто, касцюмы, абутак, галаўныя ўборы, піжамы).
Сярод тых, хто «адзначыўся», быў і старшыня Мінгарвыканкама Канстанцін Бударын — ён атрымаў 31 рэч, тры метры сукна і пяць метраў тканін. Гэты чыноўнік, дарэчы, заняў сваю пасаду яшчэ да вайны. «Як старшыня гарвыканкама нёс персанальную адказнасць за трагедыю, якая разыгралася ў Мінску ў чэрвені 1941 года. Ці мог ён яе не дапусціць? Наўрад. Але зменшыць памер, напэўна, — так», — пісаў гісторык Андрэй Лукашэвіч, адзначаючы, што ўлады ніяк не рыхтавалі абарону беларускай сталіцы, а гараджанам з’язджаць з горада забаранілі, але як толькі вайна грымнула, чыноўнікі хутка эвакуяваліся 24 чэрвеня, пакінуўшы мінчукоў на волю лёсу.
Бударына перасягнулі загадчык аддзела аховы здароўя Мінскага гарвыканкама Аляксей Шуба (да таго кіраваў партызанскім атрадам), які атрымаў 50 рэчаў, і старшыня Сталінскага райвыканкама Мінска Хаім Левін (цяпер гэта Заводскі раён), які ўзяў сабе 87 рэчаў (сярод іх тры касцюмы, пяць сукенак, дзевяць паліто), а таксама 13,5 метра сукна і 12 метраў тканін.

Усяго за месяц пасля прыходу дапамогі з цэнтральнай базы Чырвонага Крыжа такім чынам раздалі 3134 рэчы.
Самым «сціплым» пры гэтым аказаўся старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Нікіфар Наталевіч. У красавіку таго ж 1944 года ў Маскве прайшла нарада па стварэнні гімна рэспублікі. Кампазітар Анатоль Багатыроў расказваў, што Наталевіч так перадаў яму заданне: «Ёсць узор — гімн СССР, і патрабуецца стварыць твор з абавязковымі элементамі: Ленін, Сталін, Партыя, Кастрычнік (Кастрычніцкая рэвалюцыя. — Заўв. рэд.), братэрскі саюз пад пачаткам Вялікай Расіі, перамога над ворагамі, светлая будучыня». Апошняй Наталевіч ва ўмовах пасляваеннай галечы вырашыў доўга не чакаць і пачаў асабіста будаваць яе для сваёй сям'і. Кіраўнік Вярхоўнага Савета атрымаў з цэнтральнай базы Чырвонага Крыжа 152 розныя рэчы і 148 метраў тканіны, яго жонка некалькі разоў прыязджала туды, каб абмяняць узятыя рэчы на лепшыя, пры гэтым, як сцвярджала праверка, ладзіла скандалы. Пазней чыноўнік тлумачыў такую колькасць рэчаў дрэнным матэрыяльным становішчам яго вялікай сям'і з 12 чалавек, бо ў 1943-м яго абакралі. Хоць наўрад ці, знаходзячыся на такой пасадзе ў сталінскай сістэме, чыноўнік меў у нечым моцную патрэбу.
Горш за ўсё было тое, што карупцыянеры перашкаджалі атрымліваць дапамогу звычайным людзям. Сваякі і прадстаўнікі чыноўнікаў перавярнулі базу ўверх дном. Кантралёрам потым давялося хадзіць па «заваленых спрэс на метр, скамечаных рэчах». У ЦК беларускай кампартыі знайшлі 413 заяваў у Чырвоны Крыж, з якіх 210 нават не былі нават зарэгістраваныя і ў беспарадку ляжалі на акне ў тэхнічнага сакратара: той быў занадта заняты запіскамі чыноўнікаў. А многія заявы ўжо былі разгледжаныя «наверсе» і паступалі проста з урада з указаннем, што дапамога неабходная неадкладна. Напрыклад, у беларускі Сяньковай загінулі два сыны-партызаны, немцы забілі яе мужа і разрабавалі кватэру, жанчына засталася з трыма маленькімі дзецьмі і дарослай дачкой, былой партызанкай. У іх практычна не было адзення, яна звярталася да ўладаў, і яе заява была зацверджаная — але так і ляжала незаўважанай на складзе. Дапамогу ім далі толькі пасля праверкі.

Маштаб скандалу быў грандыёзным. Здавалася, чыноўнікам не ўнікнуць пакарання. Але тут беларускія ўлады ачуліся і хутка размеркавалі дапамогу. Па рэспубліцы адправілі 115 тысяч прадметаў адзення і абутку са строгім указаннем пакінуць у абласных гарадах 5% рэчаў, у раённых цэнтрах — 10%, а 85% даставіць у вёскі і калгасы. А адказнымі за першапачатковы бардак зрабілі кіраўнікоў і работнікаў склада Чырвонага Крыжа «і камсамольца Бандарэнку, які на размеркаванне дапамогі нават не ўплываў (зрэшты, як іх пакаралі, не ўдакладняецца). Атрымальнікі рэчаў амаль усе засталіся беспакаранымі — дасталася толькі старшыні Сталінскага райвыканкама Мінска Хаіму Левіну, якому абвясцілі строгую вымову і знялі з працы. З яго, відавочна, зрабілі стрэлачніка. Наталевіча, які дазволіў сабе нашмат больш, выклікалі ў Маскву ў Камісію партыйнага кантролю пры ЦК ВКП (б), але абмежаваліся чытаннем маралі.
Нават іншыя чыноўнікі не вінавацілі калегаў. «Нікіфар Якаўлевіч быў чалавекам сціплым. <…> Будучы слабахарактарным, Наталевіч баяўся пярэчыць сваёй уладнай жонцы. Дарэчы, гэта было ахілесавай пятой многіх буйных кіраўнікоў», — пісаў потым Шарапаў, хоць сам з ласкі начальства доўгі час заставаўся без адзення.
Грошы на «Дразды» і раскошныя кватэры
Праверка па карупцыі завяршылася ў 1945-м. Здавалася б, беларускае кіраўніцтва мусіла спыніцца, але не. У ліпені 1946 года ў Мінск прыбыла праверка Міністэрства дзяржкантролю, каб вывучыць стан справаў у «Белглавснабе». Гэтая арганізацыя размяркоўвала дапамогу, якая паступала па лініі ЮНРРА, а таксама матэрыяльныя каштоўнасці (у тым ліку трафеі і тавары) з савецкай акупацыйнай зоны ў Германіі: яны паступалі як рэпарацыі ў якасці кампенсацыі за шкоду часоў вайны.
Высветлілася, што матэрыялы і абсталяванне, якія БССР, як самая разбураная рэспубліка, атрымлівала ў першачарговым парадку, замест захоўвання на складах часта кідаліся пад адкрытым небам. Паліваныя усімі дажджамі, яны папросту ржавелі і гнілі.
«Во дворе центральной базы хранятся 957 ящиков с деталями и 1914 совершенно неукрытых единиц энергетического, станочного, сельскохозяйственного и другого трофейного оборудования, 10 802 кв. м дубовой и буковой фанеры и 293 шт. чертежных досок. Часть этого оборудования, значительное количество фанеры и все чертежные доски уже пришли в полную негодность. К тому же все оборудование, за исключением 642 единиц, даже не оприходовано», — гаварылася ў матэрыялах праверкі.
Сітуацыя з адзеннем і абуткам, якая прыходзіла па лініі ЮНРРА, да болю нагадвала карціну двухгадовай даўніны. 8560 цюкоў, якія паступілі ў студзені-ліпені 1946 года, не сартаваліся, замест таго каб адпраўляць іх у раёны цалкам, цюкі трыбушылі, рэчы зноў адпускалі паштучна, што зрабіла немагчымым паўнавартасны ўлік.

Дапамогу ў першую чаргу размяркоўвала кіраўніцтва БССР. І «нечакана» за 1945 год і сем месяцаў 1946-га рэчы на суму больш за 831 тыс. рублёў — трафеі, музычныя інструменты, прамысловыя тавары — разышліся на падарункі чыноўнікам. Прычым амаль усе (на 813 тыс.) — па рашэнні першага сакратара беларускай кампартыі, то-бок кіраўніка рэспублікі Панцеляймона Панамарэнкі.
Гэта былі гіганцкія сумы. Сярэдні заробак у СССР тады складаў 442 рублі, у саўгасах плацілі 213.
Так, у ліпені 1945-га Панамарэнка загадаў вылучыць 17 найвышэйшым беларускім чыноўнікам трафейныя (фактычна — скрадзеныя) піяніна. У жніўні таго ж года з Германіі пачалі прыходзіць цэлыя эшалоны з нарабаваным: мяккай мэбляй, буфетамі, сталамі і гэтак далей. Жонка Панамарэнкі разам з яго першым памочнікам Пятром Абрасімавым некалькі разоў асабіста прыязджала, каб выбраць рэчы. Яна здзейсніла і асобны візіт па трыкатажнае палатно на суму каля 10 тыс. рублёў.
Але і гэта было не ўсё. Пакуль простыя беларусы жылі ў пасляваеннай галечы, на абстаноўку кватэр Панамарэнкі, другога сакратара беларускай кампартыі Мікалая Кісялёва і іншых высокапастаўленых функцыянераў выдаткавалі больш за 779 тысяч рублёў.
З гэтай сумы больш за 126 тысяч пайшло на набыццё лецішча для Панамарэнкі ў Драздах (таго самага, дзе потым жылі і Пётр Машэраў, і Аляксандр Лукашэнка), васьмі крышталёвых і парцалянавых сервізаў, якія налічваюць агулам 1015 прадметаў, а яшчэ салоннай абстаноўкі з 25 прадметаў, гасцёўні чырвонага дрэва з 10 прадметаў, гасцёўні ясеневага дрэва з 10 прадметаў, буфета, дзвюх крышталёвых жырандоляў і г. д. Больш за 110 тысяч рублёў пайшло на куплю спальні чырвонага дрэва для пакояў кіраўніцтва ў санаторыі «Беларусь» у Сочы (дарэчы, ён працуе дагэтуль).
Скрадзеныя рэчы дастаўляліся ў Беларусь нават самалётамі. Абрасімаў такім чынам асабіста прывёз з Германіі ў Мінск 1,6 тоны дываноў і дзве тоны іншых бытавых рэчаў. Усяго на перавозку сродкаў паветрам за 1945-ы і студзень-ліпень 1946 года выдаткавалі больш за 607 тысяч рублёў.
І гэта яшчэ не ўсё. Нават цэлыя асабістыя дамы кіраўнікі краіны будавалі за дзяржрахунак, кампенсуючы толькі малую частку, хоць такіх прывілеяў у іх не было.
«На Бобрском лесозаводе <…> в апреле-мае 1946 года в порядке индивидуальных заказов изготовлены 2 деревянных дома: двухэтажный 8-ми комнатный стоимостью 50 200 руб. и одноэтажный 4-х комнатный стоимостью около 15 000 руб. Двухэтажный дом отгружен на станцию Железнодорожная Горьковской железной дороги для строительства собственной дачи т. Пономаренко П. К., а одноэтажный дом — в г. Минск для управляющего делами ЦК КП (б) Белоруссии Фадеева А. Г. При этом т. Пономаренко уплачено заводу наличными за изготовление дома лишь 18 тыс. руб., а Фадеевым — только 5 тыс. руб.», — выявілі кантралёры.

Гэтыя факты выклікалі новую праверку. Высветлілася, што райкамы і гаркамы партыі, а таксама аддзелы ў будынку ЦК кампартыі Беларусі былі абсталяваныя вельмі бедна. А вось найвышэйшае кіраўніцтва купалася ў раскошы за партыйны кошт. Кошт усёй маёмасці ЦК КП (б) Беларусі складаў 2 млн рублёў. З іх 892 тысячы выдаткавалі на куплю на прыватных рынках і ў камісійных крамах дарагой мэблі, сервізаў і крышталю. Значная частка гэтай сумы — 779 тысяч — пайшла на маёмасць, якая знаходзілася ў асабістым карыстанні ў кіраўнікоў. Дома ў Панамарэнкі стаялі прадметы на 131 тысячу рублёў, у Кісялёва — на 265 тысяч, у функцыянераў Уладзіміра Маліна — на 97 тысяч, Мікалая Аўхімовіча — на 13 тысяч, Цімафея Гарбунова — на 9,7 тысяч. А маёмасць яшчэ на 112 тысяч рублёў наогул знаходзілася на кватэрах асобаў, якія нават не працавалі ў апараце партыі. Ніякай інвентарызацыі рэчаў не праводзілася.
Здавалася б, пасля такога трэба было здымаць усё найвышэйшае кіраўніцтва рэспублікі. Але кантралёры толькі прапанавалі звольніць кіраўніка справаў ЦК КП (б) Фадзеева і галоўнага бухгалтара Краўцова (а ці было гэта зроблена — невядома). Ні пра якія санкцыі адносна больш высокіх чыноў не ішло і гаворкі. Пасады страцілі толькі некаторыя з міністраў і кіраўнікоў сярэдняга звяна — іх пазней пакаралі за будаўніцтва ўласных дамоў.
Аднаго пакаралі, іншыя не пацярпелі
Як склаліся далейшыя кар’еры высокапастаўленых чыноўнікаў? Праблемы ўзніклі толькі ў Нікіфара Наталевіча. У 1948-м яго знялі з пасады старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета і адправілі на працу ў Пензенскую вобласць Расіі на другарадныя пасады. Але зусім не за карупцыю, а таму, што ў 1947-м дзве яго дачкі-камсамолкі, якія вучыліся ў дзясятым класе, хрысціліся ў царкве. Для ўладаў сталінскага часу гэта было нашмат страшнейшае злачынства.
А вось астатнія функцыянеры не пацярпелі. Некаторыя кралі і далей. Гаворка пра Пятра Абрасімава, які зрабіў уражлівую дыпламатычную кар’еру — стаў амбасадарам СССР у Польшчы (1957−1961), потым ГДР (1962−1971 і 1975−1983), Францыі (1971−1973) і Японіі (1985−1986).
«Абрасимов, будучи в ГДР, закупал на огромные суммы подарки для нужных людей в Москве. Однажды он дал указание своему помощнику закупить 150 мужских рубашек для отправки в столицу. Не брезговал Абрасимов и «дарами», доставлявшимися из конфискованных таможней вещей. В ходе расследования уголовного дела на германского коммерсанта Брауна были получены многочисленные показания на причастность Абрасимова к контрабанде, однако никто в КГБ не осмелился ввязываться в грязные делишки брежневского ставленника», — пісаў у мемуарах генерал КДБ Алег Калугін. Паводле яго, традыцыі гэтага чыноўніка працягвала і ягоная дачка: «Дачка амбасадара ў ГДР Абрасімава, якая брала ўдзел у оргіях у Варшаве, была затрыманая з кантрабандай у кіеўскім аэрапорце, зладзіла скандал і дамаглася вяртання ў Польшчу пасля таго, як яе грозны бацька тэлеграфаваў Брэжневу, што КДБ парушае правы чалавека».
А што астатнія? Мікалай Кісялёў пазней працаваў у Расіі, узначальваў абласныя камітэты партыі ў Омску і Растове. Мікалай Аўхімовіч стаў другім сакратаром кампартыі БССР, потым кіраўніком урада. Цімафей Гарбуноў узначаліў Вярхоўны Савет БССР, стаў чальцом Акадэміі навук Беларусі. Уладзімір Малін стаў памочнікам Сталіна і ўзначальваў Агульны аддзел ЦК КПСС — адзін з ключавых у апараце.
Нармальна склаліся кар’еры і ніжэйшых чыноўнікаў. Напрыклад, Аляксей Шуба сышоў з апарата і доўгія гады быў галоўным доктарам 1-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска — пад яго кіраўніцтвам яна ператварылася ў адну з найлепшых і найбуйнейшых установаў не толькі БССР, але і СССР.
Панцеляймона Панамарэнку Сталін у 1948-м наогул зрабіў сакратаром усесаюзнага ЦК кампартыі, а праз чатыры гады ўключыў у склад Прэзідыума — найвышэйшага партыйнага органа. Цяпер у гонар гэтага карупцыянера — і чалавека, які праводзіў рэпрэсіі — у Мінску названая вуліца. Яго крытыка ў сучаснай Беларусі пад забаронай. Пасля таго як YouTube-блогер Мікіта Мелказёраў выпусціў пра яго відэа і назваў Панамарэнку «кавалкам лайна», прапагандыст Кірыл Казакоў заявіў, што гатовы асабіста расстраляць журналіста, а ГУБАЗіК перайшоў да пагрозаў у яго адрас.
Чаму Наталевіча пакаралі (ды і тое за іншае), а вось яго высокапастаўленых калег — не? Усё залежала ад вышэйшага начальства. Так было і ў выпадку, калі Сталіну пасля Другой сусветнай спатрэбілася зняць з пасады і дыскрэдытаваць маршала Георгія Жукава. Улады тады заявілі, што знакаміты палкаводзец «стаў на шлях марадзёрства, заняўшыся прысваеннем і вывазам з Германіі для асабістых патрэбаў вялікай колькасці розных каштоўнасцяў» (што хутчэй за ўсё адпавядала рэчаіснасці).
«Жуковым было присвоено до 70 ценных золотых предметов (кулоны и кольца с драгоценными камнями, часы, серьги с бриллиантами, браслеты, броши и т.д.), до 740 предметов столового серебра и серебряной посуды и сверх того еще до 30 килограммов разных серебряных изделий, до 50 дорогостоящих ковров и гобеленов, более 60 картин, представляющих большую художественную ценность, около 3700 метров шелка, шерсти, парчи, бархата и др. тканей, свыше 320 шкурок ценных мехов и т.д.» — адзначалася ў пастанове Палітбюро ў 1948 годзе. Прычым гэтыя абвінавачванні ў адрас Жукава ўпершыню прагучалі толькі ў 1946-м, калі ён трапіў у няміласць у Сталіна — а да таго прадстаўнікоў партыйных элітаў абсалютна не бянтэжылі такія дзеянні маршала, якія адбываліся на іх вачах.
Словам, калі да карупцыянераў не было іншых прэтэнзій ад уладаў, то ўсё было ціха. Некаторых чыноўнікаў крыху меншага рангу часам здымалі з пасады — як, напрыклад, кіраўніка Мінгарвыканкама Бударына, звольненага ў 1945-м. Але гэта рабілася не за карупцыю, а таму, што ён адкрыта не цягнуў пасаду мэра, калі аднаўленне сталіцы было ва ўладаў у прыярытэце. Але ніякага пакарання ён не атрымаў, а ў далейшым паспяхова працаваў на іншых чыноўніцкіх пасадах. То-бок застаўся ў наменклатуры і працягваў карыстацца дабротамі, недаступнымі большасці насельніцтва.
Чытайце таксама


