Чалавецтву можа пагражаць новая пандэмія на фоне распаўсюду сярод хатніх катоў віруса птушынага грыпу (H5N1), заявілі навукоўцы з Універсітэта Мэрылэнда. Тэндэнцыі міжвідавога распаўсюду інфекцыі і высокая смяротнасць сярод гадаванцаў кажа пра тое, што пагроза для людзей рэальная, сцвярджаецца ў працы, апублікаванай часопісам Open Forum Infectious Diseases. Падрабязнасці расказвае RTVI.US.
Як адзначыла прафесарка ўніверсітэта Крыстэн Коўлман, якая правяла з калегам даследаванне птушынага грыпу ў катоў, вірус H5N1 апошнім часам «эвалюцыянаваў». Летась у ЗША ўспышкі птушынага грыпу пачаліся ў красавіку сярод курэй і кароваў, а пасля ім заразілася больш за 60 чалавек. Адзін выпадак стаў летальным.
«Тое, як ён перамяшчаецца паміж відамі, з птушак на катоў, паміж каровамі і катамі, а таксама катамі і людзьмі, — усё гэта выклікае моцную трывогу. Мы лічым, што з набліжэннем лета колькасць выпадкаў на фермах і ў дзікай прыродзе зноў павялічыцца», — заявіла ветэрынар.
Яна таксама адзначыла, што сярод катоў вірус дэманструе высокую смяротнасць. Паводле падлікаў Коўлман, колькасць выпадкаў хваробы сярод 12 відаў сямейства кашэчых у 18 краінах за апошнія 20 гадоў склала 607, з якіх смяротнымі стала амаль палова — 302. У аднаго са штамаў смяротнасць дасягнула 90%. Ветэрынар пры гэтым адзначыла, што актыўнага маніторынгу выпадкаў птушынага грыпу ў катоў не вядзецца, праз што прыведзеныя ў працы лічбы могуць быць заніжанымі.
Навукоўцы таксама высветлілі, што вырасла колькасць спосабаў, якімі вірус трапляе ў арганізм катоў. У прыватнасці, яны захворвалі не толькі пасля паядання заражаных мёртвых птушак (галубоў і курэй), але і малака хворых кароваў. Як вірус трапляе да кароваў, дарэчы, дагэтуль невядома. Аўтары дадалі, што ў катоў пры цяжкай форме хваробы развіваецца энцэфаліт (запаленне галаўнога мозгу), сімптомы якога часта прымаюць за шаленства.
«Нам неабходна высветліць, як мага хутчэй, наколькі ён (птушыны грып. — Заўв. рэд.) распаўсюджаны сярод катоў, каб лепш ацаніць рызыкі таго, што ён перакінецца на людзей», — падкрэсліла Коўлман, заклікаўшы пачаць актыўны маніторынг.