На адну з фермаў Рэчыцкага раёна для «эксперыменту» ўладкавалі трох замежнікаў. І плацяць ім па 3 тысячы рублёў. Паглядзелі, колькі прапануюць па падобных вакансіях у гэтым жа раёне і ў цэлым па краіне. Выявілася, што з больш чым 4,6 тыс. прапановаў для трактарыстаў толькі 100 з заробкам ад 2,9 тыс. рублёў, вынікае з дзяржаўнай базы вакансій.

«Эксперыментам» стала тое, што на ферму прынялі чатырох грамадзян Узбекістана, якія «прайшлі адбор з двух дзясяткаў кандыдатаў». Плацяць ім па 3 тысячы рублёў. Як вынікае з заявы чыноўнікаў, хутчэй за ўсё, яны працуюць трактарыстамі.
— Працуюць па 10 гадзін пазменна. На трактары на любых відах работ, — заявіў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко. — Дысцыплінавалі іншых. Раней усе загіналі пальцы, прыходзілі пазней на працу. Сёння чарга стаіць, і стабілізавалася праца трактарыстаў-механізатараў.
Якія прапановы ў гэтым жа раёне
Для пачатку мы паглядзелі, якія падобныя вакансіі ёсць у Рэчыцкім раёне. Напрыклад, сельгаспрадпрыемства «Рэчыцаагратэхсэрвіс» мае патрэбу ў трох кіроўцах энерганасычаных трактароў. Плаціць ім гатовыя да 2 тыс. рублёў (гэта да выплаты падаткаў). «Рэчыцкі-Агра» абяцае нават меншы даход — 1 тыс.
1200 будзе зарплата на дзяржпрадпрыемстве «21 з’езд КПСС». А «Дзяржынскі-Агра» чатыром трактарыстам прапануе 726−1000 рублёў.
Трактарыста-машыніста таксама шукаюць у СВК «50 гадоў Кастрычніка». У гэтым выпадку аплата — 2800. Гэта самая высокая зарплата па актуальных вакансіях у сельскай гаспадарцы ў гэтым раёне. Але ёсць варыянт уладкавацца ў «Беларуснафту», дзе заробак абяцаюць ад 3600 до 4800 рублёў.
Што прапануюць трактарыстам па краіне
Калі глядзець у цэлым па краіне, то згаданая вышэй вакансія ад нафтавікоў — адна з самых «дарагіх». Больш можна атрымліваць у прыватнай кампаніі «Аграфінанс». Яна займаецца лізінгам сельгастэхнікі, але таксама аказвае розныя паслугі ў галіне, напрыклад, па ўборцы цукровых буракоў буракаўборачным камбайнам. Дык вось там трактарысту-механізатару з трохгадовым досведам прапануюць заробак ад 3500 да 6 тыс. Гэта сезонная праца ў перыяд з ліпеня да лістапада гэтага года. Ад 3 да 7 тыс. — зарплата ў «Александрыйскім» на радзіме Лукашэнкі. Там маюць патрэбу ў васьмі трактарыстах.
У топе па аплаце ёсць і іншыя прыватнікі, напрыклад, Сялянская гаспадарка Шруба М.Г. Тут гатовыя плаціць 3500−5500 рублёў.
Акрамя таго, ад 3 тыс. да 4500 — зарплата па вакансіі на прадпрыемстве «Гавяды-Агра». Да 4 тыс. прапануе агракамбінат «Дзяржынскі».
Аднак многія вакансіі далёкія ад прывабных у плане аплаты працы. Так, у арганізацыі «Ліпаўка» Хоцімскага раёна заробак новага трактарыста будзе ўсяго ад 1 да 1,2 тыс. На такую ж аплату працы можа разлічваць гэты спецыяліст, які прыйдзе ў «Ціміразеўскі». Крыху больш абяцаюць у «Бездзеж-Агра»: ад 1,5 да 1,6 тыс. Прычым ім патрэбныя тры трактарысты.
Саўгас-камбінат «Зара» Нараўлянскага раёна гатовы плаціць 1800−2100.