Пасля пачатку першага прэзідэнцкага тэрміну Дональда Трампа ў 2017 годзе адносіны афіцыйнага Мінска і Вашынгтона пачалі паступова паляпшацца. Нашая краіна актывізавала працэс уступлення ў Сусветную гандлёвую арганізацыю, была дасягнутая дамоўленасць пра вяртанне амбасадараў. Але ўсё адкаціў назад 2020 год, дакладней — фальсіфікацыя вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і рэпрэсіі, якія надышлі за гэтым. Былы супрацоўнік Адміністрацыі Лукашэнкі расказаў «Люстэрку», як спачатку аднаўляліся, а потым канчаткова сапсаваліся афіцыйныя адносіны Беларусі і ЗША ў першы прэзідэнцкі тэрмін Дональда Трампа.

Імя суразмоўцы змененае дзеля яго бяспекі.
Чаканні
Алег прыйшоў на працу ў Адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі за некалькі гадоў да пачатку першага прэзідэнцкага тэрміну Дональда Трампа. Кажа, непасрэдна назіраў за тым, як тады развіваліся адносіны беларускага і амерыканскага лідараў. Паводле яго словаў, эвалюцыю ўзаемаадносін для зручнасці лепш разбіць на два перыяды. Першы — з моманту абрання Трампа і да беларускіх прэзідэнцкіх выбараў 2020-га.
Алег кажа, што ў 2016 годзе ў Адміністрацыі Лукашэнкі ўважліва сачылі за тым, як у ЗША ідзе выбарчая кампанія. Нагадаем, галоўнай канкурэнткай Дональда Трампа тады была былая дзяржсакратарка і першая лэдзі Хілары Клінтан. Паводле Алега, відавочнага фаварыта ў Лукашэнкі не было, таму перамога Трампа моцных эмоцый у яго не выклікала.
— У Мінску рэакцыя на прыход Трампа да ўлады вельмі адрознівалася ад таго, што адбывалася ў Расіі, дзе на яго вельмі разлічвалі, — успамінае Алег. — Расійская прапагандыстка Маргарыта Сіманьян нават збіралася праехаць па Маскве з амерыканскім сцягам на машыне пасля навіны пра яго перамогу. Але ў нас нічога такога не адбывалася. Лукашэнку было б зручней, калі б да ўлады ў ЗША тады прыйшоў нейкі больш сістэмны палітык, з якім зразумела, як працаваць. А Трамп быў невядомасцю, але ў яго адміністрацыі тады лічылі, што колы амерыканскай бюракратыі будуь стукаць у ранейшым тэмпе.
Тым не менш, працягвае Алег, Лукашэнка вырашыў наладзіць кантакт з новым кіраўніком Белага дома і даручыў супрацоўнікам сваёй Адміністрацыі выйсці на Трампа праз яго зяця і дарадцу Джарэда Кушнера, бабуля якога ў час Другой сусветнай вайны жыла ў Навагрудку.
— Гэтыя спробы нічога не далі, бо Кушнер, габрэй па нацыянальнасці, хоць і меў карані ў Беларусі, больш цікавіўся Блізкім Усходам, — лічыць суразмоўца. — Зайсці ў трампаўскую адміністрацыю праз чорны ход, на што так разлічваў Лукашэнка, не атрымалася. Уся праца цягам чатырох гадоў першага тэрміну Трампа ішла праз афіцыйныя каналы.
Нечаканая рэальнасць

Супрацоўніцтва выбудаваць удалося. Са словаў Алега, першыя гады прэзідэнцтва Трампа былі для Лукашэнкі прадуктыўнымі. Дапамагла напружанасць на расійскім кірунку. Пасля падзей 2014 года, калі Расія анексавала Крым і пачаліся баявыя дзеянні на Данбасе, у Мінску спалохаліся, што Беларусь можа стаць наступнай мэтай Крамля.
— Лукашэнка быў зацікаўлены ў размарожванні кантактаў з Амерыкай, але стратэгічную лінію ўсё ж прапаноўвалі амерыканцы — гэта пашырэнне прасторы для Мінска ў плане альтэрнатыўных паставак нафты, адкрыццё рынкаў для беларускага капіталу і інвестыцыі ў нашую краіну, — расказвае суразмоўца.
Паводле Алега, паляпшэнне адносін Мінска і Вашынгтона адбілася на дыпламатычных поспехах уладаў.
— У 2016-м Беларусь пачала працэс уступлення ў Сусветную гандлёвую арганізацыю, меркавалася, што мы станем яе чальцом зімой 2021 года. Гэта падтрымлівалі ў адміністрацыі Трампа. Другое — пачаўся перамоўны працэс пра ўзаемнае вяртанне амбасадараў у Мінск і Вашынгтон. Да гэтага даволі доўга ішлі, наколькі я памятаю — паўтара ці два гады. У выніку амбасадаркай ЗША ў Беларусі прызначылі Джулі Фішэр, але яна да Мінска так і не даехала.
Чарговае пагаршэнне

Першая напружанасць у наладжваных адносінах Беларусі і ЗША здарылася ў 2017 годзе. Прычыны дзве — падпісанне Лукашэнкам «антыдармаедскага» дэкрэта № 1 і дзеянні сілавікоў, якія разганялі людзей, што выйшлі праз гэта на пратэсты.
— Жорсткага, калі параўноўваць з 2020 годам, разгону тады не было, усіх затрыманых тым самым вечарам адпусцілі. Але падзеі паўплывалі на адносіны з ЗША. Як і сам факт падпісання Лукашэнкам дэкрэта пра «дармаедаў», — расказвае экс-чыноўнік. — Фактычна гэта прымус да працы. Краіна тады трапіла ў даклад Дзярждэпа, які пагоршыў нашыя пазіцыі. Мінуў яшчэ нейкі час, перш чым сітуацыя пачала выраўноўвацца. Але каштоўны час, вядома, быў страчаны.
Аднак неўзабаве амерыканцы вырашылі даць Лукашэнку яшчэ адзін шанец. Гэтаму зноў дапамагла напружанасць у адносінах Мінска і Масквы. Як кажа Алег, у адміністрацыі Трампа занепакоіліся праз тое, што у 2019 годзе Пуцін зноў пачаў ціснуць на Лукашэнку, схіляючы падпісаць пагадненне пра паглыбленую інтэграцыю.
— Амерыканцы вырашылі падтрымаць незалежнасць Беларусі. Таму ў Мінск і прыязджалі дзяржсакратар Майк Пампеа і дарадца Трампа па нацыянальнай бяспецы Джон Болтан. Значную ролю адыгралі яшчэ і еўрапейскія партнёры, якія таксама прасілі ЗША звярнуць увагу на гэтую сітуацыю, — сцвярджае ён.
У 2020 годзе пасля сфальсіфікаваных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, жорсткага разгону пратэстаў і ўзмацнення рэпрэсій адносіны паміж адміністрацыямі Лукашэнкі і Трампа сапсаваліся канчаткова. Хоць, як сцвярджае Алег, у Вашынгтоне на гэта пайшлі без асаблівага энтузіязму.
— Адміністрацыя Трампа вельмі слаба адрэагавала на падзеі 2020 года ў Беларусі, — упэўнены суразмоўца. — Намесніка дзяржсакратара ЗША Стывена Бігана тады адправілі ў ваяж — ён сустрэўся ў Вільнюсе са Святланай Ціханоўскай, потым паляцеў у Расію да міністра замежных справаў Сяргея Лаўрова. Узнікала нават адчуванне, што фігура Лукашэнкі можа стаць прадметам расійска-амерыканскага гандлю, але вельмі хутка пасля тых падзей Трампа ў Белым доме змяніў Джо Байдэн. Рэпрэсіі ў Беларусі ўзмацніліся, і ўсе фарматы беларуска-амерыканскага супрацоўніцтва сышлі на нішто.
Чытайце таксама