У Міністэрстве па падатках і зборах (МПЗ) чарговым разам нагадалі беларусам, што да 2 чэрвеня ўключна трэба аплаціць выстаўленыя зборы. Тыя, хто забудзе гэта зрабіць, рызыкуюць атрымаць штраф і трапіць пад «адміністратыўку».
«Падаходны падатак выплачваецца на падставе паведамлення на выплату падатку, скіраванага падатковым органам поштай, асабіста або ў электронным выглядзе ў асабістым кабінеце платніка», — удакладняюць у МПЗ.
Калі не заплаціць своечасова выстаўлены падатак, то пагражае штраф.
«Калі нявыплачаная ці няпоўнасцю выплачаная сума падатку перавышае адну базавую велічыню, гэта цягне накладанне штрафу ў памеры 15% ад нявыплачанай сумы падатку, але не менш за 0,5 базавай велічыні (на сёння гэта 21 рубель. — Заўв. рэд.)», — папярэджваюць падаткавікі.
Пры гэтым тым, хто не задэклараваў даходы за мінулы год, але мусіў гэта зрабіць, падпадуць пад спецыяльныя праверкі, папярэджвалі раней у МПЗ.
«Пасля 2 чэрвеня падаходны падатак будзе выстаўляцца фізічным асобам да выплаты на падставе акта камеральнай праверкі — з налічэннем пені і прыцягненнем да адміністрацыйнай адказнасці», — заявілі ў МПЗ. Нагадаем, такія праверкі мяркуюць, што падаткавікі звяраюць даходы і выдаткі людзей на падставе той інфармацыі, якая ёсць у іх распараджэнні. Калі знойдуць «лішнія» сродкі, то папросяць растлумачыць, адкуль яны ўзяліся. Калі гэтага не зрабіць, то выставяць да аплаты падаходны.
У МПЗ раней тлумачылі, што «тыя, хто не прадставіў падатковую дэкларацыю своечасова, могуць самастойна падаць яе да надыходу тэрміну выплаты падаходнага падатку, а менавіта — не пазней за 2 чэрвеня». То-бок у такім выпадку можна будзе ўнікнуць «адміністратыўкі».
Чытайце таксама