Увечары 5 траўня сілавікі на дзяржаўным тэлебачанні расказалі пра экстрадыцыю ў Беларусь былога байца палка Каліноўскага Васіля Грачыхі. Пры гэтым не паведамлялася, дзе і калі адбылося затрыманне і якім чынам мужчына трапіў у рукі КДБ. «Люстэрка» спытала пра гэта прэс-службу палка. Вось іх адказ.
Прэс-служба палка Каліноўскага пацвердзіла, што раней Васіль Грачыха знаходзіўся ў шэрагах беларускага падраздзялення, якое ўваходзіць у склад Узброеных сіл Украіны.
— Васіль Грачыха ў траўні 2022-га далучыўся да палка Каліноўскага і ў пачатку чэрвеня таго ж года пакінуў падраздзяленне. Што з ім адбывалася пасля гэтага, нам невядома, — паведамілі «Люстэрку» ў прэс-службе ПКК.
Інфармацыя пра затрыманне Грачыхі з’явілася 5 траўня ў эфіры праўладнага «Першага інфармацыйнага» тэлеканала. У відэа паказалі кадры яго затрымання (імаверна, пастановачныя) і транспартаванне на верталёце з мяшком на галаве. Мяркуючы з навакольнай мясцовасці і голых дрэваў, Васіля затрымалі зімой ці ў пачатку вясны.
Нагадаем, 20 кастрычніка 2024 года сілавікі паведамілі пра экстрадыцыю ў Беларусь былога беларускага вайскоўца і байца палка Каліноўскага Васіля Верамейчыка. Ён быў затрыманы ў В’етнаме, дзе жыў пасля таго, як Літва прызнала яго пагрозай нацыянальнай бяспецы і адмовіла ў ВНЖ.
Глядзіце таксама