У аўторак, 6 траўня, прэс-служба Міністэрства абароны паведаміла, што вайсковы парад у Дзень Перамогі ў Мінску пачнецца ўвечары — у 20.30. Але раней дзяржаўныя СМІ называлі іншы час — пачатак мерапрыемства планаваўся на дзве гадзіны раней. З чым звязаны перанос параду? «Люстэрка» спытала экспертаў.
Палітычны аналітык інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандр Класкоўскі мяркуе, што перанос параду, прысвечанага Дню Перамогі, можа быць звязаны з некалькімі прычынамі. Галоўная з іх — жаданне Аляксандра Лукашэнкі ўзяць удзел у аналагічным мерапрыемстве ў Маскве. А таксама неабходнасць затрымацца пасля на прыёме, які арганізоўвае Уладзімір Пуцін для замежных палітыкаў з 19 дзяржаваў.
— Парад у Маскве пачнецца ў 10.00, і Лукашэнка ўжо ў абед мог бы быць, па ідэі, у Мінску, — заўважае Класкоўскі. — Але, напэўна, яму не хочацца прапускаць прыём у гонар замежных лідараў, бо ён баіцца, што ў Крамлі гэта палічаць знакам непавагі.
Палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман лічыць, што яшчэ адной прычынай пераносу мінскага параду на позні вечар можа быць жаданне Лукашэнкі правесці нейкія важныя сустрэчы ў Маскве.
— Для яго ўсе пытанні ўнутранай палітыкі на гэты момант другарадныя. Імаверна, ён хоча максімальна карысна для сябе выкарыстаць паездку на маскоўскі парад. 80-годдзе Перамогі — важная гадавіна, і ад параду ў Мінску ён устрымацца не можа. Таму яго і перанеслі на вечар. Хоць гэта і дзіўна. Упэўнены, Лукашэнка захоча сабраць на трыбуне ветэранаў, а гэта ўсё ж пажылыя людзі, вечаровы час ім не вельмі зручны. З Масквы прыйшла інфармацыя, што яму трэба з нейкай прычыны затрымацца.
На думку Аляксандра Класкоўскага, яшчэ адной прычынай пераносу мерапрыемства ў Мінску можа быць здароўе Лукашэнкі. Аналітык «Позірку» нагадвае, што ў 2023 годзе на парадзе ў Маскве беларускі палітык не змог прайсці пешшу невялікую адлегласць ад Чырвонай плошчы да магілы невядомага салдата. І яго былі вымушаныя падвозіць на электракары. У той жа дзень у Мінску Лукашэнка не сказаў сваёй традыцыйнай прамовы на ўскладанні вянкоў да манумента Перамогі. За два гады яго фізічны стан не палепшыўся, упэўнены Класкоўскі.
— Лукашэнка ўжо не ў найлепшай форме, і яму трэба больш часу для аднаўлення пасля пералёту — гадзінка-другая для таго, каб перадыхнуць і прыйсці ў сябе, — лічыць аналітык. — Дарэчы, я б звярнуў увагу, што ў апошнія дні наогул амаль не відаць яго публічнай актыўнасці. Мабыць, ён таксама дзесьці адпачывае і набіраецца сіл для 9 траўня, бо ў апошнія гады гэта стала для яго выпрабаваннем. А адмовіцца ён не можа, бо баіцца пакрыўдзіць «старэйшага брата».
Аляксандр Класкоўскі звяртае ўвагу на тое, што прычыны баяцца выклікаць гнеў Пуціна ў Лукашэнкі сапраўды ёсць. Суразмоўца прыводзіць прыклад спрэчкі палітыкаў пра значэнне георгіеўскай стужкі, якая адбылася 29 красавіка ў Валгаградзе.
— Крэмль пачаў прэсінгаваць яго па гэтым пытанні. І ён нават вымушаны быў апраўдвацца публічна, казаць, што ніхто ў Беларусі яе не забараняе. Хоць да 2020 года вёў даволі жорсткую лінію ў гэтым плане. А чыноўнікі амаль адкрытым тэкстам настойліва не рэкамендавалі на публічных мерапрыемствах яе выкарыстоўваць. Але цяпер у гэтым пытанні Лукашэнка выкручваецца і падлашчваецца да Масквы. Гэта і перанос параду на вечар, каб даўжэй пабыць у расійскай сталіцы, — сімптомы таго, як крытычна ўзрасла ягоная залежнасць ад Крамля.
Адзначым, звычайна ў Беларусі Дзень Перамогі праходзіць без вайсковых парадаў. Іх праводзяць на афіцыйны Дзень Незалежнасці 3 ліпеня або ў круглыя даты перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Так, апошнім разам яго праводзілі 9 траўня 2020 года на 75-годдзе з дня Перамогі.
Чытайце таксама