На буйных прадпрыемствах востра не хапае работнікаў — даступныя тысячы вакансій. Але заробкі на некаторых заводах растуць павольней, чым цэны на тавары і паслугі. «Люстэрка» вывучыла непублічныя фінансавыя справаздачы дзяржаўных прамыслоўцаў, атрыманыя з дапамогай BELPOL.
Сярэдні заробак на «Гомсельмашы» летась складаў 2135 рублёў, вынікае са справаздачы прадпрыемства. Сума, хутчэй за ўсё, да выплаты падаткаў — падаходнага падатку (13%) і абавязковых страхавых унёскаў у Фонд сацыяльнай абароны (1% з заробкаў работнікаў). За год яна вырасла на 1,1%. Пры гэтым план быў на ўзроўні 8,4% — амаль 2290 рублёў. Для параўнання: год таму заробкі на гэтым заводзе выраслі больш чым на 37% і складалі 2 111,5 рубля.
Для параўнання: летась у Беларусі сярэдні заробак да выплаты падаткаў быў 2 271,9 рубля.
На МТЗ летась сярэдні заробак павялічыўся з 2398,2 рубля ў першым квартале да 2524 у чацвёртым. Гэта рост на 5,2%. Сёлета чакаецца, што супрацоўнікі будуць атрымліваць у сярэднім 2790 рублёў.
На МАЗе аплата працы перавысіла паказчыкі, прапісаныя ў бізнес-плане, — амаль на 31 рубель. У сярэднім яна была 2 935,7 рубля. Сёлета плануецца, што заробак павялічыцца да 3079,2 рубля. То-бок рост чакаецца ў 4,9%.
Атрымліваецца, інфляцыя з’ела леташняе павышэнне заробкаў на гэтых заводах. Нагадаем, у 2024-м рост цэн быў 5,2%, а сёлета ён нават паскорыўся — па выніках сакавіка склаў 5,9%.