У сярэдзіне красавіка Беларуская чыгунка прапанавала Польшчы, Літве і Латвіі аднавіць пасажырскія чыгуначныя зносіны паміж краінамі. У польскім Міністэрстве ўнутраных справаў і адміністрацыі заявілі, што гэтае пытанне цяпер не абмяркоўваецца і што ўсё залежыць ад цяперашніх уладаў у Мінску, піша «Белсат».
У прэс-службе Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы ў адказ на запыт выдання паведамілі, што цяперашнія абмежаванні ў транспартных сувязях з Беларуссю звязаныя з міграцыйным ціскам на мяжы:
«Сітуацыя на польска-беларускай мяжы застаецца вельмі напружанай. Акты гібрыднай агрэсіі, арганізаваныя беларускімі ўладамі, працягваюцца».
У ведамстве адзначылі, што ад уладаў у Мінску залежыць, ці пусцяць зноў цягнікі паміж дзвюма краінамі:
«Аднаўленне гэтых зносін залежыць ад паводзінаў беларускага рэжыму ў дачыненні да палякаў у Беларусі, тэхнічнай абароненасці дзяржаўнай мяжы, а таксама зніжэння пагрозы масавай міграцыі, у тым ліку спынення атак і правакацый з боку беларускіх службаў».
У Міністэрстве ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы падсумавалі: пытанне аднаўлення пасажырскіх чыгуначных зносін з Беларуссю цяпер у Варшаве нават не абмяркоўваецца.
У прэс-службе Польскіх чыгунак (Polskie Koleje Państwowe) удакладнілі, што запуск пасажырскіх цягнікоў у Беларусь «залежыць ад зменаў у нарматыўных актах на ўзроўні адпаведных міністэрстваў». І нават калі такія змены адбудуцца, спатрэбіцца шмат падрыхтоўчай працы:
«Патрабуюцца, напрыклад, пагадненне пра прадстаўленне дзяржаўных паслуг, рухомы састаў, узгадненне раскладу, сістэмы цэнаўтварэння і продажу білетаў, дамоўленасці з памежнай і мытнай службамі, а таксама падрыхтоўка персаналу для цягнікоў», — расказалі ў арганізацыі.
Нагадаем, раней БЧ прапанавала Польшчы, Літве і Латвіі аднавіць пасажырскія чыгуначныя зносіны паміж краінамі. У МЗС Літвы ўжо адказалі, што «не бачаць перадумоваў і падставаў» для гэтага.
Пасажырскія чыгуначныя зносіны паміж Беларуссю і суседкамі — краінамі ЕС былі прыпыненыя ў 2020 годзе праз COVID-19. З таго часу іх так і не аднавілі.
Чытайце таксама