Святлана Ціханоўская выступіла 15 траўня на міжнароднай канферэнцыі Impact, якая праходзіць у Познані. У кулуарах форуму журналіст «Люстэрка» спытаў у лідаркі дэмакратычных сіл Беларусі пра яе меркаванне што да сітуацыі са зніклай спікеркай КР Анжалікай Мельнікавай і вывад грошай, прызначаных для рады і «Кіберпартызан».

Ці магла Анжаліка Мельнікава наўмысна прысвоіць грошы, прызначаныя для «Кіберпартызан» і Каардынацыйнай рады? Святлана Ціханоўская не стала адказваць на гэтае пытанне «Люстэрка». Лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў лічыць, што для адназначнай ацэнкі яшчэ не час — трэба дачакацца завяршэння расследавання, якое праводзяць польская пракуратура і спецслужбы гэтай краіны.
— Я думаю, што гэта вельмі балючая і складаная сітуацыя: мы па-ранейшаму не ведаем ні матываў, ні прычын, ні абставінаў таго, што адбылося, як і не ведаем месцазнаходжання Анжалікі, — падкрэсліла палітык. — Спадзяюся, расследаванне, якое ўсё яшчэ доўжыцца, дасць большае разуменне, каб зрабіць высновы.
Тым не менш ужо цяпер Святлана Ціханоўская ўпэўненая, што знікненне Мельнікавай і сітуацыя з пераводам грошай мусяць прывесці да перагляду дэмсіламі базавых прынцыпаў сваёй працы.
— На падставе гэтай сітуацыі нам усім, і Каардынацыйнай радзе ў першую чаргу, трэба вывучыць урокі, перагледзець і ўзмацніць падыходы да пытанняў бяспекі: праверыць сістэму арганізацыі працы і адміністравання, каб такое не магло паўтарыцца ў будучыні, — лічыць яна.
Палітык адзначыла, што не падтрымлівала сталых блізкіх адносін са зніклай спікеркай КР па-за працоўнай камунікацыяй.
— Але важна, што Каардынацыйная рада, нягледзячы на гэтае здарэнне, працягвае працу як інстытуцыя і ў яе ўжо ёсць новы спікер, — упэўненая Ціханоўская. — Калі мэтай было паралізаваць дзейнасць КР, то гэтага не адбылося.
Што вядома пра знікненне Анжалікі Мельнікавай
У пятніцу, 28 сакавіка, намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка заявіў, што 25 сакавіка знікла спікерка КР Анжаліка Мельнікава. Ён расказаў, што падаў заяву пра гэта ў праваахоўныя органы Польшчы (у Анжалікі акрамя беларускага ёсць грамадзянства гэтай краіны). Таксама 28 сакавіка стала вядома, што разам з жанчынай зніклі і дочкі, што жылі з ёй у Варшаве.
Паводле інфармацыі «Еўрарадыё», да 25 сакавіка дэлегаты КР некалькі тыдняў не бачылі яе, бо палітык хварэла на COVID-19. Аднак, паводле іх словаў, спікерка выходзіла на сувязь. Прынамсі, да 21 сакавіка. Як пазней удакладняў Латушка, у гэты дзень яна апошні раз прысутнічала на сазвоне.
— Візуальна мы яе бачылі. Адкуль было злучэнне, мы не ведаем, — казаў у інтэрв'ю Deutsche Welle намеснік кіраўніцы АПК. Ён таксама адзначыў, што Анжаліка абяцала прыйсці ў офіс 24 ці 31 сакавіка. Але, спаслаўшыся на хваробу, візіт адмяніла.
У суботу, 29 сакавіка, у эфіры польскага тэлеканала TVN24 Латушка сцвярджаў, што былы муж спікеркі КР выехаў у Беларусь (пазней ён заявіў, што, паводле інфармацыі ад паліцыі, 3 сакавіка экс-муж перасёк польска-беларускую мяжу на аўтобусе).
У гэты ж дзень прэс-сакратар польскага МУС Яцак Дабжыньскі расказаў, што, паводле звестак польскіх і партнёрскіх службаў, Мельнікава на той момант ужо некалькі тыдняў знаходзілася за межамі Польшчы. Праз некалькі дзён Павел Латушка са спасылкай на паліцыю заявіў, што спікерка КР пакінула краіну 26 лютага і вылецела ў Вялікабрытанію.
30 сакавіка чытачы «Люстэрка» паведамлялі, што бачылі былога мужа Мельнікавай разам з дочкамі ў Нясвіжы. Раніцай 31 сакавіка кіраўнік НАУ заявіў, што мабільны тэлефон Анжалікі з 19 сакавіка таксама знаходзіцца ў Беларусі.
У пятніцу, 4 красавіка, сузаснавальнік ініцыятываў BY_help і BYSOL Аляксей Лявончык, які жыве ў Вялікабрытаніі, падаў заявы пра знікненне спікеркі КР у дзве сілавыя структуры гэтай краіны: паліцыю Лондана (Metropolitan Police) і Нацыянальнае агенцтва па расследаванні злачынстваў (NCA).
7 красавіка «Люстэрку» ўдалося пагаварыць з экс-мужам Анжалікі Андрэем Мельнікавым. Ён пацвердзіў, што знаходзіцца ў Беларусі разам з дзецьмі. У гэты ж дзень стала вядома, што брытанская паліцыя не праводзіць расследавання па факце знікнення спікеркі КР.
7 красавіка Андрэй Мельнікаў, былы муж спікеркі КР, пацвердзіў, што ён разам з дзецьмі знаходзіцца ў Беларусі.
6 траўня польскае выданне Polityka паведаміла, што зніклая спікерка КР можа знаходзіцца ў Беларусі.
Чытайце таксама