У мабільных аператараў — чарговыя новаўвядзенні. Да прыкладу, у МТС з’явіўся тарыфны план для моладзі, а life:) закрывае некаторыя паслугі.

Аператар А1 увёў новы спосаб аплаты пакупак, для гэтага запусцілі паслугу «Мабільныя плацяжы». «Яна дазваляе выкарыстоўваць асабісты рахунак для здзяйснення плацяжоў праз АРІП без неабходнасці ўводзіць дадзеныя банкаўскіх картак, — удакладняе кампанія. — Для падключэння паслугі „Мабільныя плацяжы“ трэба ў мабільнай праграме „Мой А1“ перайсці на ўкладку „Фінансы“, выбраць раздзел „Мабільныя плацяжы“ і прайсці рэгістрацыю, выконваючы загады пакрокавай інструкцыі. Пасля гэтага карыстальніку стане даступнае дрэва плацяжоў АРІП, дзе ён зможа выбраць і аплаціць неабходныя паслугі і тавары».
Як паведамляецца, папоўніць баланс свайго рахунку для мабільных плацяжоў можна бясплатна па нумары тэлефона, які выкарыстоўваўся падчас рэгістрацыі.
«У абанентаў, якія аплачваюць паслугі А1 па факце іх аказання, ёсць магчымасць здзейсніць плацяжы ў межах 50 рублёў у месяц з адтэрміноўкай аплаты: выдаткаваную суму ў межах гэтага ліміту яны пагасяць падчас чарговага папаўнення балансу свайго асабістага рахунку», — паведамляе аператар.
Пасля падключэння новай паслугі 30 каляндарных дзён яе будуць прадстаўляць бясплатна, а потым абанплата складзе 4,5 рубля за месяц.
Кампанія МТС запусціла тарыфны план «Безлимитище Young». Як удакладняе аператар, ён прызначаны для актыўных карыстальнікаў смартфонам. «Галоўная перавага тарыфу — безлімітны інтэрнэт на максімальнай хуткасці. Кошт для новых абанентаў складзе ўсяго 25 рублёў, — паведамляе кампанія. — Падключыць новы тарыфны план змогуць усе, каму ад 14 да 23 гадоў. Разам з безлімітным інтэрнэтам для смартфона карыстальнікі атрымаюць 200 хвілін званкоў ва ўсе сеткі Беларусі і два месяцы бясплатных размоваў з абанентамі МТС».
Кампанія life:) анансавала, што з 20 траўня ўвядзе змены па паслузе «Экстра 20 ГБ» — гаворка пра пакет інтэрнэт-трафіку.
«Цяпер паслуга будзе падаўжацца без прывязкі да тарыфнага плану — кожныя 30 дзён, — паведамляе аператар. — Нявыкарыстаныя гігабайты перастануць назапашвацца і пераносіцца на наступны перыяд. Калі вы вырашыце адключыць паслугу, дакарыстацца трафікам можна будзе да канца яго тэрміну дзеяння».
Таксама life:) закрывае для падаўжэння і новых падключэнняў «lifecell MIX» — паслугу з безлімітным трафікам для уключаных сэрвісаў. «Фізічныя асобы, якія карыстаюцца паслугай, будуць пераведзены на новую, „1 ГБ на суткі з аўтаматычным прадаўжэннем“, за 2,5 рубля за суткі. Для карпаратыўных кліентаў паслуга будзе адключаная», — паведамляе аператар.
Таксама кампанія life:) абвясціла, што з 27 траўня «паслуга „Назапашванне“ будзе цалкам закрытая для ўсіх абанентаў». «Абаненты, у якіх яна была падключаная раней, змогуць выкарыстоўваць назапашаны трафік, пакуль дзейнічае падключаны інтэрнэт-пакет», — паведаміў аператар.
Чытайце таксама