Правацэнтрысцкая партыя «Права і справядлівасць» («ПіС») прапануе павялічыць да 10 гадоў тэрмін пражывання ў Польшчы на падставе сталага побыту (пастаяннага ВНЖ), неабходны для атрымання польскага грамадзянства. Пра гэта ідзе гаворка ў прадстаўленым партыяй законапраекце, піша MOST.
Пра законапраект, які дэпутаты «ПіС» унеслі ў Сейм, расказаў на прэс-канферэнцыі ў Любліне намеснік старшыні партыі Марыюш Блашчак.
— Тыя, хто працуе ў нашай краіне і інтэгруецца ў польскую культуру, толькі пасля 10 гадоў змогуць атрымаць грамадзянства. Мы хочам, каб Польшча была бяспечнай. Мы не можам дапусціць, каб у Польшчы жанчыны не маглі выходзіць вечарам з дому. Гэта вельмі рэальная пагроза, і на яе неабходна адказаць такім спосабам. Мы будзем патрабаваць, каб Сейм заняўся гэтым праектам на найбліжэйшым паседжанні ў сераду, — заявіў Блашчак.
Цяпер у агульным выпадку атрымаць польскае грамадзянства можа замежнік, які жыве ў Польшчы не менш за тры гады на падставе карты сталага побыту ці карты доўгатэрміновага рэзідэнта ЕС. Акрамя таго, замежнік мусіць мець стабільную крыніцу даходу, права карыстання жылым памяшканнем, а таксама ведаць польскую мову на ўзроўні, не ніжэйшым за B1.
Але ёсць і іншыя магчымасці. Напрыклад, калі карта сталага побыту атрыманая на падставе польскіх каранёў, то тэрмін зніжаецца да аднаго года. А калі замежнік у шлюбе з грамадзянінам Польшчы і пастаянна жыве ў Польшчы па карце сталага побыту — да двух гадоў. Калі карту сталага побыту замежнік атрымаў у сувязі са статусам бежанца, то ў Польшчы дастаткова пражыць два гады. Гэтыя пункты прапанаваныя законапраект не пераглядае. Ён датычыць толькі агульных выпадкаў.
У агульных выпадках «ПіС» прапануе павялічыць тэрмін пражывання на падставе карты сталага побыту ці доўгачасовага рэзідэнта ЕС, неабходны для падачы на грамадзянства, з трох да 10 гадоў.
Але цяпер, згодна з іншай нормай, якая не пераглядаецца ў законапраекце, прэтэндаваць на грамадзянства можа любы замежнік, што легальна жыве ў Польшчы 10 гадоў і мае карту сталага побыту або доўгачасовага рэзідэнта ЕС. Пры гэтым не мае значэння, як доўга ён мае карту сталага побыту. Атрымліваецца, што ў выпадку прыняцця паправак, якія прапануе «ПіС», замежнікі будуць мець падставы прэтэндаваць на грамадзянства раней, чым праз 10 гадоў жыцця па карце сталага побыту.