У сацсетках з’явілася шмат жартаў і абмеркаванняў пра «жонак айцішнікаў», якія нібыта толькі ходзяць на ёгу ў абед і займаюцца выключна сабой — нават у эміграцыі. Часам гэта асабліва чапляе тых, хто пераехаў і вымушаны трымацца за сваё працоўнае месца, каб не страціць магчымасць легалізацыі. Як і з многімі стэрэатыпамі, уяўленні пра бесклапотны лад жыцця напэўна даволі далёкія ад рэальнасці. Больш за тое, ёсць і жанчыны, пра якіх гавораць нашмат радзей: яны самі забяспечваюць сем'і і змаглі перавезці мужоў у іншыя краіны за свой кошт. «Люстэрка» пагаварыла з такімі беларускамі пра іх досвед і побыт.
Усе імёны змененыя.
«Да „жонак айцішнікаў“ нават стаўлюся крыху з зайздрасцю»
Калі Вользе было 30 гадоў, яна рэлакавала ў Польшчу ўсю сям’ю — сябе, мужа і двух катоў. Як расказала суразмоўніца, пераезд аказаўся досыць хаатычным, хоць збольшага ўсё ж быў запланаваным.
— Змяніць краіну мы хацелі ў 2023 годзе, але з пачаткам вайны ва Украіне ўсё давялося моцна паскорыць. Таму ўжо ў сакавіку 2022-га мы выехалі ў Польшчу дзякуючы маёй працы ў IT, — кажа Вольга. — На момант выезду па факце працаўладкаваная была я адна, але для перасячэння мяжы па візе Poland. Business Harbour (са студзеня 2024 года праграма закрытая. — Заўв. рэд.) ужо ўвялі патрабаванне даць паперу, маўляў, абое выязджаем на працу, так што мая кампанія дапамагла з паперамі і для мужа.
Паводле Вольгі, яна адразу разумела: першым часам менавіта яна будзе «здабытчыцай» у сям'і. Але яе гэта не палохала, тым больш што жанчына зарабляе «значна больш» за сярэдні заробак па Польшчы, які складае каля 2 тысяч еўра.
— Адразу было ясна, што муж наўрад ці хутка знойдзе працу па сваёй спецыяльнасці — ён інжынер-электратэхнік, і яго дыплом патрабаваў пацверджання. Першыя паўгода пасля пераезду ён наогул не працаваў, а займаўся пытаннямі легалізацыі, побытам, адаптацыяй, — апісвае суразмоўніца. — Мяне яго «хатняе гаспадыньства» абсалютна не напружвала. У маім атачэнні ўсе жанчыны працуюць ці ў IT, ці ў інжынернай галіне, так што гэта хутчэй яны — лакаматывы, якія цягнуць на сабе сям’ю.
Дзякуючы такому настрою Вольга таксама спакойна паставілася да таго, што праз паўгода эміграцыі яе муж вырашыў не вяртацца да прафесіі інжынера, а кардынальна змяніць сферу працы.
— Аднойчы муж прызнаўся, што выгараў пасля 15 гадоў стажу, так што вырашыў змяніць род дзейнасці і пайсці працаваць кур’ерам у медыцынскую лабараторыю. З таго моманту, я б сказала, у нас утварылася даволі класічнае размеркаванне бытавых абавязкаў. Мы абое працуем, але я гэта раблю з дому, таму і большасць справаў накшталт прыборкі, прання, падтрымання парадку — на мне. На мужу цяпер толькі гатаванне і купля прадуктаў. Але я дагэтуль, па сутнасці, усё яшчэ забяспечваю нашую сям’ю грашыма — і спакойна стаўлюся да гэтага.
Наконт стэрэатыпаў пра «жонак айцішнікаў» Вольга кажа, што «таксама хацела б, каб яе вывезлі за мяжу, забяспечвалі і кахалі». У асноўным гэта звязана з жаданнем пазбыцца «павышанага ўзроўню трывожнасці ад патэнцыйнага звальнення, магчымай цяжарнасці ў будучыні» ці, напрыклад, праблем з легалізацыяй.
— Да «жонак айцішнікаў» нават стаўлюся крыху з зайздрасцю, — прызнаецца суразмоўніца. — Можа, я б і была радая памяняцца з мужам ролямі хаця б на год, але рэальнасць такая, што мой даход у некалькі разоў перавышае ягоны. Таму альбо мы значна страчваем ва ўзроўні жыцця і камфорце, альбо пакідаем усё як ёсць. Мы выбіраем другое.
Пры гэтым, як лічыць Вольга, усё не так і кепска, як можа падацца. Напрыклад, у яе ў жыцці застаецца месца для маральнай разгрузкі.
— Часам мы з мужам гаворым пра гэтую сітуацыю, і, каб зладзіць мне нешта накшталт адпачынку, ён запрашае мяне на спатканне і арганізуе яго сам ці адпраўляе ў спа-цэнтр. Не так часта, як хацелася б, але што зробіш, калі жыццё кардынальна змянілася і цяпер даводзіцца падладжвацца пад новыя абставіны, — разважае жанчына. — Ды і ўрэшце мяне ніхто не прымушае менавіта так жыць. Вядома, некаму збоку пазіцыя майго мужа можа падацца інфантыльнай і спажывецкай, але ўнутры сям'і ў нас няма рознагалоссяў з гэтай нагоды. Ну і, шчыра кажучы, такі дысбаланс у даходах у нас быў заўсёды і іншага сумеснага жыцця мы проста не ведаем.
«У твар ніхто нічога не казаў, але ты ўсё гэта адчуваеш: позіркі, перашэптванні»
Марына і яе муж пераехалі з Беларусі ў Польшчу ў пачатку 2021 года — ёй тады было 27, а мужу 30.
— Ужо тады стала зразумела: у Беларусі мы не бачым будучыні — ні прафесійнай, ні асабістай, — успамінае яна. — Аднойчы я прыйшла дадому і проста спытала: «А што калі пераехаць?» Муж амаль адразу адказаў: «Давай». Потым, вядома, былі размовы, сумневы, абмеркаванні, але ў цэлым настрой у нас быў аднолькавы, так што пераезд стаў сумесным і ўзважаным рашэннем.
Пераезд пара планавала грунтоўна: ад глабальнага выбару месца для жыцця да думак пра магчымыя перспектывы працы для Марынінага мужа. Раней ён некалькі гадоў зарабляў прамысловым альпінізмам, але на момант пераезду ўжо кінуў гэтую справу. Праз камандзіроўкі праца замінала асабістаму жыццю — і тады пара вырашыла: зарплаты Марыны, якая вышэйшая за сярэднюю па Польшчы, цалкам хапае, каб жыць, а муж можа ўзяць на сябе хатнія абавязкі. Так што на момант пераезду побыт у пары быў ужо даўно наладжаны.
— Як толькі я ініцыявала працэс рэлакацыі, у кампаніі мне прапанавалі адразу некалькі варыянтаў — пераезд у Нідэрланды, Украіну ці Польшчу. Апошняя і стала прыярытэтнай дзякуючы спрошчанай легалізацыі для беларусаў. Ну, а далей мы выбіралі горад зыходзячы з практычных меркаванняў, — тлумачыць суразмоўніца.
Як кажа Марына, працуе яна з дому, таму канкрэтнае месца ў Польшчы пара выбірала ў тым ліку зыходзячы з узроўню беспрацоўя і колькасці вакансій на розныя пасады. Разлік быў на тое, каб і ў мужа былі варыянты працаўладкавання на ўсялякі выпадак.
— Пасля рэлакацыі большая частка побыту засталася нязменнай. Відаць, адзінае, што памянялася на першых этапах — камунікацыя з вонкавым светам, так бы мовіць. Калі мы толькі пераехалі, я больш упэўнена размаўляла па-польску, таму пачала сама займацца пытаннямі легалізацыі, паслуг, банкаў ці здароўя. У астатнім жа муж працягвае займацца гаспадаркай, — расказвае суразмоўніца. — Звычайныя паўсядзённыя справы мы размяркоўваем у залежнасці ад таго, у каго ёсць на іх рэсурс і час. Цяпер часцей атрымліваецца, што гэта муж, але калі ён выйдзе на працу ці калі ў нас будзе дзіця, думаю, гэта крыху зменіцца.
Пра стэрэатыпы Марына выказваецца даволі катэгарычна, нягледзячы на тое, што сутыкалася з імі і раней, і цяпер.
— У твар мне ніхто нічога не казаў, але ты ўсё гэта адчуваеш: погляды, недамоўкі, перашэптванні. Асабліва ад старэйшага пакалення і нават ад сяброў, — заўважае Марына. — Але мы на гэта ўвагі не звярталі, бо ведалі, што нашае жыццё ўладкаванае так, каб быць камфортным менавіта для нас. З часам, на нашую суб’ектыўную думку, і стаўленне блізкіх усё больш дэмакратызавалася, і на нашым прыкладзе яны ўжо ўбачылі, што можа быць па-іншаму. Думаю, проста людзі пачынаюць разумець, што «нестандартны» ўклад не значыць «няправільны».
Акрамя гэтага, Марына адзначае, што менавіта пры такім укладзе сям'і яна бачыць у мужу самую сапраўдную апору.
— Многія недаацэньваюць, наколькі важна, калі хтосьці адзін у сям'і пачынае браць на сябе ўсе бытавыя справы, — разважае суразмоўніца. — Сярод маіх калегаў-айцішнікаў звычайна альбо муж і жонка абое працуюць, альбо калі хтосьці не працуе, то цягне на сабе ўвесь побыт. Апошняе цяжэй перавесці на грашовы эквівалент, аднак мець «абаронены тыл» дарагога каштуе для кар’ернага росту таго, хто працуе. Напрыклад, у майго калегі нядаўна нарадзілася дзіця — і я разумею, што без усебаковай падтрымкі жонкі ён не ездзіў бы па канферэнцыях і не паказваў бы такія вынікі, якія ў яго ёсць.
Марына прыводзіць яшчэ адзін прыклад: нядаўна яна пайшла атрымліваць другую вышэйшую адукацыю і кажа, што гэта стала магчымым «толькі дзякуючы глабальнай падтрымцы мужа і таму, што ён зняў з мяне ўсе бытавыя пытанні».
— Так што, думаю, стэрэатыпы з’яўляюцца ад няведання паўнаты карціны або нежадання яе зразумець. І датычаць яны не толькі «жонак айцішнікаў», але і «жонак дальнабойшчыкаў», ды і наогул людзей у цэлым, — упэўненая Марына.
Чытайце таксама