Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. «Я разумею пункт гледжання Пуціна». «Люстэрка» пабывала на выступе Барака Абамы ў Польшчы — расказваем
  2. «Это была сковородка, меня ударили ей по ягодицам». Поговорили с парой, которую на годы разлучили из-за фото с марша
  3. Без песень Меладзэ і ў форме: як пройдуць выпускныя ў школах і дзіцячых садках
  4. Сустрэча завершаная — перамовы ўкраінскай і расійскай дэлегацый у Стамбуле доўжыліся каля дзвюх гадзін
  5. Пратасевіч расказаў, колькі зарабляе велакур'ер сэрвісу «Яндэкс.Ежа»
  6. Выбітыя дзверы, маскі-шоу, затрыманне топ-менеджараў. Пачаўся пагром «Еўраопта»
  7. «Трамп пралічыўся». Вядомы амерыканскі філосаф Фрэнсіс Фукуяма спрагназаваў, калі наступіць мір ва Украіне — пераказваем галоўнае
  8. Неафіцыйным заданнем было «трахацца за радзіму». Расказваем пра цынічную аперацыю спецслужбаў, якая ламала жаночыя лёсы
  9. «Зніклі ўсе абмежавальнікі». Навошта беларускія вайскоўцы спявалі на Краснай плошчы хвалебную песню пра Лукашэнку — меркаванне аналітыка
  10. «Старшим медсестрам угрожали уголовными делами за график дежурств». Что происходит в беларусском здравоохранении — рассказы с мест
  11. «С точки зрения силовиков, работа — удобное место». Как сейчас задерживают «за политику» и кто в зоне риска — рассказываем
  12. «Наша Ніва»: Следам за «Еўраоптам» вобшукі адбыліся і ў «Дабраноме»
  13. Ёсць пенсійная праблема, якую сілавікі вырашылі для сябе ў 2020-м, хоць Мінпрацы «пратэставала». Іншым не так пашанцавала — яшчэ актуальная
  14. Как российским СМИ приказано освещать переговоры в Стамбуле и почему туда отправили переговорщиков 2022 года — мнение экспертов
Читать по-русски


Колькасць дзяцей, якія вучацца ў школах на беларускай мове, працягвае зніжацца, а на рускай — расці. Гэта вынікае з аналізу звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі, праведзенага выданнем «Позірк». У цэлым па краіне колькасць школьнікаў, якія вучацца па-беларуску, зменшылася на 34,4% (з 135 523 у канцы 2014 года да 88 885 у канцы 2024 года), а на рускай — вырасла на 22,6% (з 808 293 да 991 274), піша «Радыё Свабода».

Фото: TUT.BY
Выява выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі. Фота: TUT.BY

Пры гэтым у 1993 годзе тры чвэрці першакласнікаў краіны — 76% — пайшлі ў беларускія класы. Аднак пасля рэферэндуму 1995 года пачаўся спад. І вось вынік — толькі 8% дзяцей вучацца на роднай мове. На фоне агульнага спаду па ўсіх рэгіёнах краіны крыху лепш выглядае Мінск: у сталіцы рост на 10,9% (з 3940 школьнікаў у 2014 годзе да 4368 сёлета).

76% вучняў на беларускай мове ў 1993 годзе

Дырэктар беларускай школы ў Варшаве Ян (імя змененае з меркаванняў бяспекі) некалькі дзесяцігоддзяў займаў высокія пасады ў сістэме адукацыі Беларусі. У размове са «Свабодай» ён кажа, што значнае змяншэнне колькасці дзяцей, якія вучацца па-беларуску, яго не вельмі здзівіла.

«Гэтая тэндэнцыя абазначылася з травеньскага рэферэндуму 1995 года (так супала, у гэтыя дні мы адзначаем ужо яго 30-годдзе), калі замест двухмоўя ў школах пачало насаджацца рускамоўе. У 1993−94 гадах, калі пачалася хваля адраджэння, у першыя класы на беларускай мове прынялі 76% ад усіх першакласнікаў. А ў Мінскай вобласці рэкордная лічба — 92%.

Але літаральна ў наступным навучальным годзе, у верасні 1995-га, адбыўся рэзкі заняпад нацыянальнай адукацыі, адток дзяцей з беларускіх школ. У першыя беларускамоўныя класы тады прынялі ўсяго 37,9% ад усіх першакласнікаў. А ў сталіцы — 19,5%.

Праўда, тады па-беларуску вучылася 34,8% усіх школьнікаў.

У 2018 годзе ў беларускамоўных класах вучылася ўжо 13,3% дзяцей. Ну, а цяпер толькі 8%. Сумна», — кажа дырэктар беларускай школы ў Варшаве.

Ян таксама звяртае ўвагу, што больш за ўсё пацярпелі рэгіёны. Крыху лепш за іншых выглядае Мінская вобласць, але і там мінус 24% беларускамоўных вучняў.

На 10,9% больш у Мінску

У сталіцы ў канцы 2014 года па-беларуску вучылася 3940 дзяцей, у канцы 2024-га — 4368.

Беларускамоўная адукацыя захоўваецца ў сямі навучальных установах сталіцы:

  • гімназія № 4 (вуліца Кунцаўшчына, 18);
  • гімназія № 9 (вуліца Сядых, 10);
  • гімназія № 14 (вуліца Васняцова, 10);
  • гімназія № 23 (праспект Незалежнасці, 45);
  • гімназія № 28 (праспект Ракасоўскага, 93);
  • сярэдняя школа № 60 (вуліца Карла Лібкнехта, 82);
  • сярэдняя школа № 190 (вуліца Нікіфарава, 19).

«І вучняў стала менш, і штату настаўнікаў»

Былая настаўніца беларускамоўнай гімназіі № 23, якая прадставілася Алёнай (імя змененае з меркаванняў бяспекі), успамінае, як у 2016 годзе, калі быў абвешчаны прыём першакласнікаў, бацькі займалі чаргу з ночы, каб запісаць сваіх дзяцей туды. 23-я гімназія была вельмі прэстыжнай для маладых педагогаў — трапіць туды на працу было няпроста, быў адбор, успамінае Алёна.

Пасля 2020 года яна была вымушаная з’ехаць з краіны, але падтрымлівае сувязі з калегамі з Беларусі.

«Я кантактую з адной калегай, яна кажа, што вучняў стала крыху менш, але нязначна. А вось шэрагі педагогаў прыкметна парадзелі. З некалькімі найлепшымі настаўнікамі не падоўжылі кантракты. У 2020 годзе адна нашая настаўніца, якая ўваходзіла ў выбарчую камісію, не падпісала фальшывы пратакол, і яе хутка звольнілі. Яшчэ адну калегу, Дар’ю Хмяльніцкую, летась пасадзілі на пяць з паловай гадоў за ўдзел у пратэстах і ахвяраванні. Штат цяпер недаўкамплектаваны: раней у гімназіі было каля 60 педагогаў, цяпер — каля 40.

Але трапіць на працу ў гімназію цяпер нерэальна, бо настаўнікаў правяраюць на лаяльнасць з асаблівай зацятасцю. У гімназіі з’явіўся новы намеснік дырэктара, які займаецца кадрамі, і ён дакладна не педагог. Таксама прызначаны спецыяльны „кіраўнік па вайскова-патрыятычным выхаванні“. Ідэалогіі і вайскова-патрыятычнага выхавання, якія ў прыярытэце, цяпер больш, чым беларускамоўнай адукацыі», — расказвае былая настаўніца гімназіі Алёна.

Цяпер яна выкладае ў беларускай школе ў Польшчы анлайн. Кажа, што там займаюцца многія яе былыя вучні з 23-й гімназіі.

Дырэктар беларускай школы ў Варшаве Ян лічыць, што пагаршэнне становішча ў сферы беларускамоўнай адукацыі звязанае і з тым, што пасля выбараў 2020 года рэжым Лукашэнкі ліквідаваў мноства арганізацый і ініцыятываў, якія развівалі беларускую мову і культуру. У першую чаргу гэта Таварыства беларускай школы, Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, а таксама Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтр.

Да таго ж многія адукацыйныя платформы і праекты прызнаныя «экстрэмісцкімі» (напрыклад, толькі ў красавіку такімі былі прызнаныя сайт і старонка ў Facebook адукацыйнай платформы «Васьміног», сацсеткі праекта adu. place і іншыя).

Суразмоўца кажа, што многія вучні беларускамоўных класаў разам з бацькамі былі вымушаныя эміграваць. Таксама з’ехалі за мяжу многія беларускамоўныя настаўнікі.

«Калі мы адкрывалі беларускую школу ў Польшчы, да нас звярнулася больш за 100 настаўнікаў з вельмі высокай кваліфікацыяй, але мы не маглі прыняць усіх. У нас у беларускай школе анлайн вучацца дзеці з 33 краін — так што беларускамоўная адукацыя ў свеце запатрабаваная!» — кажа дырэктар беларускай школы ў Варшаве.

«Руская мова ўсюды»

Наталля (імя змененае з меркаванняў бяспекі) працуе школьнай настаўніцай беларускай мовы ў невялікім мястэчку. Яна кажа, што школа фармальна па-ранейшаму лічыцца беларускамоўнай, але на практыцы ўсё зусім не так, як на паперы.

«Сярод настаўнікаў усё роўна мала хто выкладае па-беларуску, — кажа суразмоўніца. — Мы нібыта беларускамоўная школа, але цяпер вялікая праблема з настаўнікамі, якія могуць весці прадметы на роднай мове. Беларуская мова, літаратура — гэта яшчэ зразумела. З гісторыяй, магчыма, лепш, хоць і там ужо праблемы. А пра іншыя прадметы я нават не кажу. Яшчэ дзесяць гадоў таму прыходзілі маладыя настаўнікі, якія маглі выкладаць на беларускай. Цяпер усе рускамоўныя. Гэта я яшчэ не кажу, што ў настаўніцкай па-за ўрокамі беларускай мовы зусім няма».

Паводле Наталлі, стаўленне вучняў да беларускай мовы не змянілася. Але калі адміністрацыя школы і раённы аддзел адукацыі не зацікаўленыя ў выкананні патрабавання весці заняткі на беларускай, то ніхто з бацькоў гэтага патрабаваць таксама не будзе.

«Яно проста нікому не трэба ўжо, толькі камусьці прынцыповаму, — кажа Наталля. — У каго з дзяцей бацькі багацейшыя, разумнейшыя, тыя хутчэй хочуць адправіць дзіця вучыцца за мяжу. Навошта ім беларуская. А большасці руская, вядома, патрэбная. Дзеці цяпер нават у вёсцы яе добра ведаюць, яна ж усюды. У горадзе, у інтэрнэце. Усё вельмі кепска з беларускай мовай у школах».