Велакур’ер «Яндэкс.Ежы» за восем гадзін працы можа атрымаць каля 60−70 рублёў. Пра гэта расказаў 15 траўня экс-рэдактар праекта NEXTA Раман Пратасевіч, які каля месяца таму ўладкаваўся ў сэрвіс.

Раман адзначыў, што пешым кур’ерам ён працаваць не раіць:
— Вы будзеце зарабляць зусім няшмат. Калі ж дастаўляць на ровары, як гэта раблю я, то за восем гадзін вы можаце зарабіць прыкладна 60−70 рублёў. Магчыма, 80. Усё залежыць ад часу, у які вы працуеце, ад раёна і ад попыту. У тым ліку і ад надвор’я — у дождж каэфіцыент вышэйшы.
Велакур’ер-пачатковец падкрэсліў, што больш за ўсё зарабляюць тыя, хто дастаўляе ежу на аўто. Яны за 12 гадзін могуць атрымаць «рублёў 200−250».
— Гэта абсалютна рэальна, але гэта трэба працаваць без паўзаў, без перапынкаў, без абедаў, — патлумачыў Пратасевіч.
Ён падзяліўся, што «трапіць у кур’еры — вельмі проста». Усё, што трэба зрабіць — звярнуцца ў адзін з паркаў, дзе выдадуць тэрмасумку і аформяць дамову падраду.
— Адказваючы на асноўнае пытанне: так, зарабіць можна, але для гэтага трэба шмат працаваць. Калі ў вас ёсць ровар ці электрасамакат, то зарабляць грошы, якіх будзе дастаткова, — цалкам рэальна, але гэта не будуць нейкія касмічныя грошы, і гэта не будзе як у рэкламе, дзе абяцаюць да 16 рублёў за гадзіну. У сярэднім на ровары ў вас будзе 8−10 рублёў за гадзіну, на машыне — 12−15 рублёў за гадзіну, — расказаў Раман.
Нагадаем, Раман Пратасевіч — экс-рэдактар тэлеграм-каналаў NEXTA і «Беларусь галаўнога мозгу». 23 траўня 2021 года самалёт, на якім ён ляцеў з расіянкай Соф’яй Сапегай з Афін у Вільнюс, прымусова пасадзілі ў Мінску.
Сапегу ў траўні 2022 года асудзілі на шэсць гадоў калоніі па справе «Чорнай кнігі Беларусі». Пасля 13 месяцаў зняволення яе памілавалі.
3 траўня 2023 года Пратасевіча асудзілі на восем гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі. 22 траўня таго ж года яго памілавалі.
Да таго як уладкавацца велакур’ерам, Раман працаваў электразваршчыкам на Мінскім электратэхнічным заводзе (МЭТЗ) імя У. І. Казлова. 3 красавіка ён звольніўся і хацеў «вярнуцца ў журналістыку» ці «нешта сумежнае накшталт піяру ці сувязяў з грамадскасцю». Аднак планы давялося перагледзець. 17 красавіка Раман апублікаваў відэа, у якім расказаў, што «літаральна ўсюды атрымлівае адмовы».
Чытайце таксама