Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў заявіў, што просіць вызваліць яго ад пасады, піша інфармагенцтва «Чечня сегодня».
Кадыраў пракаментаваў чуткі пра сваю адстаўку, заявіўшы, што таксама чуў пра гэта.
— Пішуць усякае-рознае. Я, наадварот, сам прашу, каб мяне вызвалілі ад пасады. У іншага будуць свае ініцыятывы, сваё бачанне. Спадзяюся, што маю просьбу падтрымаюць, — сказаў ён.
Пазней у сваім тэлеграм-канале Кадыраў заявіў, што многія «не зразумелі» яго слоў пра адстаўку.
— Я не вырашаю, буду я заставацца на пасадзе кіраўніка ЧР (Чачэнскай Рэспублікі. — Заўв. рэд.) ці не. Так, я магу папрасіць ці прапанаваць. Але, як бы я ні казаў, як бы ні прасіў, такое рашэнне прымае толькі адзін чалавек — наш Вярхоўны Галоўнакамандуючы, прэзідэнт Расіі Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін, — напісаў ён і назваў сябе «пехацінцам» і «камандным чалавекам», які выконвае загад.
Рамзан Кадыраў кіруе Чачнёй з 2007 года, а да гэтага больш за год быў старшынёй урада рэгіёна. На апошніх выбарах у верасні 2021 года ён набраў 99,7%, яго цяперашні тэрмін паўнамоцтваў заканчваецца ў 2026 годзе.
Нагадаем, як пішуць «Важные истории», у апошнія месяцы адносіны паміж Рамзанам Кадыравым і прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным прыкметна пагоршыліся — прычынай нібыта стаў таемны кантакт кіраўніка Чачні з блізкаўсходнімі краінамі, падчас якога ён прасіў абараніць сваю сям’ю на выпадак сваёй смерці і схаваў гэта ад Крамля. ФСБ далажыла пра ўсё Пуціну, што ўзмацніла разлад, асабліва на фоне пагаршэння здароўя Кадырава і яго паступовага сыходу з публічнай сферы.
Паралельна ён пачаў пераразмяркоўваць актывы сям'і, у прыватнасці вывеў дачку Айшат з улады і перадаў ёй бізнес. Пад ціск трапіў і найбліжэйшы паплечнік Кадырава Адам Дэлімханаў, якому далі зразумець, што сілавы ўплыў чачэнскай эліты больш не вітаецца на федэральным узроўні, піша выданне.
Паводле звестак «Новой газеты. Европа», Рамзан Кадыраў праз рэзкае пагаршэнне здароўя фактычна перастаў выязджаць за межы Грознага і большую частку часу праводзіць у клініцы «Аймед», дзе нават начуе пад наглядам дактароў; паводле інфармацыі выдання, у яго дыягнаставаны невылечны некроз падстраўнікавай залозы са смяротнасцю да 80%, і цяпер яго ўдзел у грамадскім жыцці звёўся да мінімуму. Афіцыйныя мерапрыемствы замест яго праводзіць прэм’ер-міністр Магамед Даудаў.
Аднак як адзначыла «Агентство», пра магчымую адстаўку Кадыраў заяўляе як мінімум шосты раз за апошнія 10 гадоў, аднак ён дагэтуль узначальвае рэгіён і займае першае месца па працягласці знаходжання на пасадзе сярод усіх расійскіх кіраўнікоў суб’ектаў.