Зяленскі заявіў, што 15 траўня, у чацвер, у Анкары будзе сустракацца з прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам і яны разам будуць чакаць прыезду Пуціна. Пра гэта прэзідэнт Украіны расказаў падчас брыфінгу.
— Каб Расія не маніпулявала месцамі (сустрэчы) і не казала, што Пуцін не гатовы прылятаць у Анкару, а гатовы ляцець толькі ў Стамбул, я адразу скажу, калі Пуцін прылятае ў Стамбул, а не ў сталіцу (я перадаў сігнал прэзідэнту Эрдагану), турэцкі бок гатовы, што мы з прэзідэнтам Эрдаганам паляцім у Стамбул. То-бок у любым выпадку мы зробім усё, каб гэтая сустрэча адбылася. Калі Пуцін сапраўды гатовы не толькі (заяўляць) у медыя, а ў рэальным жыцці сустракацца, — сказаў Зяленскі.
Паводле яго, пытанне нумар адзін на перамовах — гэта спыненне агню. Як заявіў Зяленскі, прыняць такое рашэнне можа толькі Пуцін, і гэта адкрые шлях да абмеркавання ўсіх іншых пытанняў што да заканчэння вайны.
Зяленскі мяркуе, што непрыезд Пуціна стане дэманстрацыяй таго, што прэзідэнт РФ, нягледзячы на ўсе свае заявы, не гатовы і не хоча заканчэння вайны. Ён заявіў, што ў гэтым выпадку чакае, што Еўропа і ЗША выканаюць свае абяцанні і ўвядуць супраць Расіі новыя санкцыі.
«Я гатовы на сустрэчу з ім (Пуціным. — Рэд.). Пакуль што іншых фарматаў мы не прапрацоўвалі і не прагаворвалі», — дадаў Зяленскі, адказваючы на пытанне пра тое, як ён будзе дзейнічаць, калі Пуцін сам не паедзе на перамовы, а адправіць у Турцыю сваіх прадстаўнікоў.