Сустрэча ўкраінскай і расійскай дэлегацый у Стамбуле ўжо завяршылася. Са спасылкай на свае крыніцы СМІ паведамляюць, што ніякага прагрэсу ў перамовах дасягнуць не ўдалося.

«Перамовы РФ і Украіны скончаныя, дэлегацыі разышліся, рыхтуюцца заявы для прэсы», — паведамляе расійскае агенцтва ТАСС, спасылаючыся на крыніцу.
Украінская дыпламатычная крыніца паведаміла агенцтву Reuters, што патрабаванні Расіі на перамовах былі «нерэалістычнымі і выходзілі далёка за межы ўсяго, што абмяркоўвалася раней».
BILD са спасылкай на крыніцу з атачэння ўкраінскай дэлегацыі піша, што Масква выставіла ультыматум, у якім «ад Украіны патрабуюць адступлення з уласнай тэрыторыі ў абмен на спыненне агню». Акрамя таго, расійская дэлегацыя агучыла «іншыя непрымальныя і неканструктыўныя ўмовы».
Крыніца падкрэсліла, што Украіна гатовая да «сапраўднага перамір'я без папярэдніх умоваў». Аднак прапанаваны Расіяй фармат у Кіеве расцэньваюць хутчэй як спробу сарваць любыя крокі да завяршэння вайны.
Яшчэ адна крыніца, якой вядома пра ход перамоваў, заявіла CNN, што ў расійскай дэлегацыі «не было паўнамоцтваў прымаць важныя рашэнні».
«Яны не гатовыя прыняць якія-кольвек значныя рашэнні, каб пакласці канец вайне», — сказаў ён.
Цяперашняя сустрэча стала першай з 2022 года. Агулам яна доўжылася каля дзвюх гадзін.
Нагадаем, прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін раней неаднаразова заяўляў, што адна з умоваў спынення агню — поўны вывад украінскіх войскаў з тэрыторый Данецкай, Луганскай, Запарожскай і Херсонскай абласцей, нават з іх неакупаваных земляў. Сярод іншых патрабаванняў пачатку мірных перамоваў ён называў нейтральны, пазаблокавы, бяз’ядзерны статус Украіны, яе «дэмілітарызацыю» і «дэнацыфікацыю», «забяспечанне правоў рускамоўных» ва Украіне і «прыняцця новых тэрытарыяльных рэалій» — прызнанне статусу Крыма, Севастопаля, самаабвешчаных ДНР і ЛНР, Херсонскай і Запарожскай абласцей як суб’ектаў Расійскай Федэрацыі.
— У далейшым усе гэтыя базавыя, прынцыповыя палажэнні мусяць быць зафіксаваныя ў выглядзе фундаментальных міжнародных дамоўленасцяў. Натуральна, гэта прадугледжвае і скасаванне ўсіх заходніх санкцый супраць Расіі, — казаў Пуцін.