Уладзімір Мядзінскі, які ўзначальвае расійскую дэлегацыю на перамовах у Стамбуле, заявіў, што Расія ў цэлым задаволеная перамовамі з Украінай і гатовая працягваць кантакты.

— Пра што дамовіліся? Першае, найбліжэйшымі днямі адбудзецца маштабны абмен палоннымі — 1000 на 1000 чалавек. Другое, украінскі бок папрасіў пра прамыя перамовы кіраўнікоў дзяржаваў, мы прынялі гэты запыт да ведама. І трэцяе, мы дамовіліся, што кожны бок прадставіць сваё бачанне спынення агню і прапіша яго ў дэталях. Пасля таго як гэтыя бачанні будуць прадстаўленыя, мы лічым, і гэта таксама ўжо дамоўлена, мэтазгодным працягнуць нашыя перамовы, — заявіў Мядзінскі.
Маштабны абмен ваеннапалоннымі пацвердзіў і кіраўнік украінскай дэлегацыі Рустэм Умераў.
— Мы ведаем дату, але пакуль не будзем гаварыць яе, — заявіў міністр абароны Украіны.
Таксама Умераў паведаміў, што ключавымі тэмамі сённяшняй сустрэчы сталі спыненне агню і падрыхтоўка магчымай асабістай сустрэчы Зяленскага і Пуціна.
Нагадаем, сёння, 15 траўня, у Стамбуле прайшла першая з 2022 года сустрэча прадстаўнікоў Украіны і Расіі. Доўжылася яна каля дзвюх гадзін. Як паведамілі СМІ са спасылкай на свае крыніцы, патрабаванні Масквы, якія прагучалі на ёй, былі «нерэалістычнымі».