Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў украінскаму прэзідэнту Уладзіміру Зяленскаму і лідарам краін Еўропы, што Расіі і Украіне давядзецца самастойна знайсці выхад з вайны. Пра гэта ён заявіў еўрапейскім калегам пасля тэлефоннай размовы з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным 19 траўня, паведамілі New York Times (NYT) шэсць інфармаваных крыніц. Увагу на публікацыю звярнула The Moscow Times.

Паводле крыніц NYT, Трамп таксама адмовіўся ад «уласных пагрозаў» далучыцца да новых санкцый Еўропы супраць Расіі. Еўрапейскія чыноўнікі адзначылі, што ім не варта чакаць, што Вашынгтон найбліжэйшым часам вырашыць увесці супраць Масквы новыя абмежаванні.
— Палітыка адміністрацыі Трампа з самага пачатку палягала ў тым, каб уздзейнічаць на ахвяру — Украіну, а не на агрэсара — Расію, — адзначыла экс-амбасадарка ЗША ва Украіне Брыджыт Брынк.
Высокапастаўлены еўрапейскі чыноўнік сказаў NYT, што, на яго думку, Трамп ніколі не быў зацікаўлены ў тым, каб далучыцца да санкцый супраць Расіі ў выпадку яе адмовы ад перамір'я. Ён назваў шматлікія пагрозы прэзідэнта ЗША ўвесці абмежаванні «паказнымі».
Раней дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа, каментуючы адмову Трампа ад новых абмежаванняў у дачыненні да РФ, заявіў, што пагрозы ўвесці новыя санкцыі могуць прывесці да таго, што Масква перастане казаць пра магчымае завяршэнне вайны з Украінай.
Палітык адзначыў, што можа наступіць момант, калі ўсё ж давядзецца ўвесці новыя санкцыі, калі Масква не будзе зацікаўленая ў мірным пагадненні. Але канкрэтных тэрмінаў ён не ўдакладніў.
Пры гэтым Рубіа дадаў, што прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін «не атрымаў ніводнай саступкі» ад адміністрацыі Трампа.
Чытайце таксама